Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫЦЫ́ДЫ
[ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],
пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРАЛО́ГІЯ
(ад грэч. akari клешч + ..логія),
галіна арахналогіі, навука пра кляшчоў. Мае прыкладныя раздзелы — мед., вет., с.-г. акаралогія. Навук. акаралогія сфарміравалася ў 18 ст. (швед. вучоны К.Ліней). На Беларусі н.-д. работа вядзецца з 1920-х г. (М.М.Судзілоўскі, І.В.Шчарбінін, В.Л.Якімаў, К.Ф.Расцягаева, І.Ц.Арзамасаў, Б.П.Савіцкі, В.І.Вацякоў, Н.П.Мішаева, І.В.Чыкілеўская і інш.). Вывучаюцца біялогія кляшчоў і іх роля ў фарміраванні эпідэміял. сітуацый; даследуюцца кляшчы — узбуджальнікі хвароб чалавека, жывёл і раслін (іксодавыя, гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя, акароідныя, раслінаедныя і інш.). Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання ачагоў масавага размнажэння кляшчоў у асн. лесараслінных зонах.
т. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАО́З
(Varroosis),
вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял. эканам. страт.
Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.
т. 4, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)