Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,
аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛЕ́ТКА МА́ЛПЫ»
(«Affenkäfid»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць 4-й Бел.партыз. брыгады і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім і Мехаўскім р-нах Віцебскай вобл. і часткова Невельскім р-не Расіі ў Вял.Айч. вайну ў ліст. 1942. Праводзілася сіламі 12-й танк. дывізіі, батальёна з ахоўнай дывізіі і паліцэйскімі з мясц. гарнізонаў. Партызаны, манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, пазбягалі адкрытых сутыкненняў з ворагам і замацаваліся ў цяжкадаступным для праціўніка лясным масіве. Не дасягнуўшы намечанай мэты, гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чал., пераважна старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, разрабавалі і знішчылі 58 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Казлы, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Янава Гарадоцкага р-на. У справаздачы ворага аб пазнейшай карнай аперацыі «Зімовы лес» адзначана, што знайсці жывёлу і прадукты харчавання 286-я ахоўная дывізія не змагла з-за амаль поўнасцю разбураных вёсак у Гарадоцкім р-не ў выніку праведзенай аперацыі «К.м.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мітахондрыі, гл.Клетка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКАРЫЁН (ад ды... + грэч. karyon арэх, ядро арэха),
клетка грыба, якая мае збліжаныя, але не злучаныя паміж сабой гаплоідныя мужч. і жан. ядры. Узнікае пры палавым працэсе ў аскаміцэтаў (гл.Сумчатыя грыбы) і базідыяльных грыбоў.