Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Ну тэхніцы,
1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр. бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.
3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.
4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.