Кельты 3/317; 4/58; 5/160, 545; 6/276; 7/502; 9/577; 10/632; 11/182, 498
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛАСА́КСЫ,
агульная назва германскіх плямёнаў — англаў, саксаў, ютаў і фрызаў, якія заваявалі ў 5—6 ст. кельцкую Брытанію (гл. Кельты). У 7—10 ст. у працэсе змяшання гэтых плямёнаў склалася англасаксонская народнасць, што ўвабрала і кельцкія элементы. Пазней англасаксы змешваліся з датчанамі і нарвежцамі, якія пасяліліся на ПнУ і У Англіі, і пасля Нармандскага заваявання Англіі 1066 з выхадцамі з Францыі, што стала пачаткам фарміравання англ. народнасці (гл. Англічане).
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 8—3 ст. да н.э. жылі ў басейнах рэк Кама, Сярэдняя Волга, Вятка, Белая. Назва ад могільніка каля в. Ананьіна (Татарыя). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у наземных драўляных жытлах памерам 10 × 5, 12 × 4 м, а таксама ў доўгіх дамах, падзеленых на секцыі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах, над якімі ставіліся драўляныя зрубы; у магілы клалі жал. і бронзавыя коп’і, сякеры-кельты, чаканы, кінжалы, упрыгожанні. Для ананьінскай культуры характэрна кругладонная кераміка з ямкавым і шнуравым арнаментам.
т. 1, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр. Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст. да н.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.
т. 5, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́А,
археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя́ кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.
І.М.Язэпепка.
т. 11, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЫ́ХІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (канец 12 — канец 8 ст. да нашай эры) на ПнУ Украіны (бас. рэк Северскі Данец, Ворскла, Сула, Псёл, Сейм). Назва ад паселішча ва ўрочышчы Бандарыха, непадалёку ад г. Ізюм Харкаўскай вобласці. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах. Пахавальны абрад — найчасцей трупаспаленне з наступным пахаваннем рэшткаў у грунтавых ямах. Кераміка арнаментаваная верт. расчосамі, гарыз. радамі ямак рознай формы. Прылады вырабляліся з каменю (свідраваныя сякеры, зерняцёркі), косці (праколкі, прасліцы) і бронзы (кельты, нажы, кінжалы). На думку большасці даследчыкаў, плямёны, якія пакінулі Бандарыхінскую культуру, былі фіна-угорскія.
т. 2, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
т. 2, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),
зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗ італікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.
т. 9, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)