КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),

гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.

Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНАТЫ́П (ад лац. linea лінія + грэч. typos адбітак),

друкарская наборная радковаадліўная машына, з дапамогай якой атрымліваюць набор у выглядзе маналітных металічных радкоў з рэльефнай друкавальнай паверхняй. Складаецца з наборнага, адліўнога і разборачнага апаратаў.

У адпаведнасці з імпульсамі клавіятуры (кіроўнымі сігналамі праграмы) з магазінаў выпадаюць метал. матрыцы з паглыбленым відарысам літар. Сабраны з матрыц і прагальных элементаў тэкставы радок ідзе ў адліўны вузел, дзе паглыбленні матрыц заліваюцца друкарскім сплавам. Адліты радок абразаецца па росце і кеглі, матрыцы разборачным апаратам вяртаюцца ў адпаведныя магазіны, а прагальны матэрыял — у спец. каробку. Ёсць Л. паўаўтам. (прадукцыйнасць 7—8 радкоў за мінуту) і аўтам. (16 радкоў). Л. вынайдзены ў 1884 О.​Мергенталерам (ЗША). У СССР пачалі вырабляцца з 1932. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій Л. замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.

Паўаўтаматычны лінатып для простага набору: 1 — адліўны вузел; 2 — разборачны вузел; 3 — збіральнік; 4 — кіроўнае прыстасаванне; 5 — клавіятура.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)