КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),
памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.
т. 8, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫ́Т (ад франц. petit маленькі),
дробны друкарскі шрыфт, кегль якога роўны 8 пунктам (каля 3 мм); тэкст, надрукаваны такім шрыфтам.
т. 12, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),
1) тулава чалавека, жывёліны.
2) Каркас судна.
3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.
4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.
5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).
6) К. дыпламат. — гл. Дыпламатычны корпус.
7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.
т. 8, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,
сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.С.Фурнье, удасканалена Ф.А.Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.
У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.
Літ.:
Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.
У.М.Сацута.
т. 14, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)