КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІТЭ́Р (франц. solitaire ад лац. solitarius адзінокі) у садова-паркавым мастацтве, адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкар. раслін. Мае самаст. дэкар. значэнне — канцэнтруе ўвагу на дэталях садова-паркавай кампазіцыі.

Салітэрныя дрэвы вызначаюцца памерамі, формай кроны, афарбоўкай, дэкар. кветкамі, пладамі і гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Найчасцей выкарыстоўваюць святлолюбівыя пароды (хвоя звычайная, бярозы павіслая і яп., лістоўніцы сібірская і еўрап., таполі канадская і пірамідальная, акацыя белая, лох серабрысты, яблыні Нядзвецкага, ягадная і інш.). Кусты С. бываюць у штамбавай (ружы, глог), сцелістай (ядловец казацкі) і інш. формах. Кветкава-дэкар. расліны для С. падбіраюць буйныя, з яркімі і арыгінальнымі кветкамі і лісцем (півоні, вяргіні, астыльбы, хосты, папараці).

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ БАТАНІ́ЧНЫ САД Нацыянальнай АН Беларусі.

Засн. ў 1932 у Мінску, з 1967 на правах НДІ. Пл. 144,7 га (з іх 90,9 га у Мінску). Калекцыйны фонд каля 10 тыс. відаў, форм, сартоў раслін: аранжарэйных, дрэвава-кустовых, кветкава-дэкар., лек., нетрадыц. кармавых і пладова-ягадных. Экспазіцыі: дэндрарый з батаніка-геагр. сектарамі Беларусі, Далёкаўсх. краю і Усх. Азіі, Паўн. Амерыкі, Еўропы і Сібіры, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі; кветкава-дэкар. раслін з самаст. садамі (ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад); ландшафтны парк; экалогіі раслін; біялогіі раслін; ахоўных раслін. Асн. кірункі даследаванняў: інтрадукцыя і акліматызацыя раслін; навук. асновы зялёнага буд-ва і аховы навакольнага асяроддзя; біяхімія і біятэхналогія раслін. Значны ўклад у развіццё навук. дзейнасці Ц.б.с. зрабілі С.П.Мельнік, М.​Дз.Несцяровіч, М.У.Смольскі, У.М.Рашэтнікаў, Я.А.Сідаровіч, І.Н.Рахцеенка, М.А.Кудзінаў і інш.

Літ.:

Итоги интродукции растений в Белорусской ССР (к 50-летию ЦБС АН БССР). Мн., 1982;

Чаховский А.А., Шкутко Н.В. Декоративная дендрология Белоруссии. Мн., 1979;

Ботанические сады: состояние и перспективы сохранения, изучения, использования биолог. разнообразия растительного мира. Мн., 2002.

У.​М.​Рашэтнікаў.

Цэнтральны батанічны сад: 1 — галоўны ўваход; 2 — плантацыя цюльпанаў; 3 — алея з чаромхі Маака.

т. 17, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́МБА (ад англ. clump група дрэў, кустоў),

від кветніка, які прыўзняты на 10—15 см над узроўнем глебы (дарожак, газонаў). Часцей сіметрычны ў плане (круг, квадрат, авал). Для стварэння К. выкарыстоўваюць адна-, двух- і шматгадовыя кветкава-дэкар. расліны, газонныя травы. Расліны падбіраюць для забеспячэння бесперапыннага цвіцення на працягу вегетац. перыяду. К. ўпрыгожваюць скульптурамі, дэкар. вазамі, фантанамі, вечназялёнымі кадушачнымі раслінамі.

Клумба.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТНІК,

участак з пасадкамі кветкава-дэкаратыўных раслін, прызначаны для ўпрыгожвання садоў, паркаў, двароў, сядзіб і інш. У залежнасці ад формы, памераў і складу раслін вылучаюць: бардзюры, клумбы, міксбордэры, партэры, рабаткі, жывыя агароджы; элементам К. можа быць газон, які з’яўляецца фонам для кветкавых раслін; К. ландшафтнага (вольнага) стылю — альпінарый. К. спалучаюць з малымі арх. формамі (фантанамі, альтанкамі, дэкар. машчэннем і інш.) або ствараюць з раслін аднаго ці некалькіх відаў (сартоў). Расліны падбіраюць з улікам гарманічнага спалучэння афарбоўкі і памераў кветак і лісця, тэрмінаў і працягласці цвіцення, кліматычных, ландшафтных і інш. умоў.

Кветнік.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАРУ́К Анатоль Тарасавіч (н. 1.4.1939, в. Хабы Брэсцкага р-на),

бел. вучоны ў галіне геабатанікі. Д-р біял. н. (1991), праф. (1995). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1961). З 1970 у БДУ, з 1976 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН (заг. лабараторыі, нам. дырэктара), з 1992 у Бел. пед. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, праблемах культурфітацэнозаў, папуляцый дрэвавых інтрадуцэнтаў, рэпрадукцыі кветкава-дэкар. раслін і садова-паркавага мастацтва.

Тв.:

Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Жыццёвыя формы раслін. Мн., 1996;

Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000.

т. 16, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБЕ́РА (Gerbera),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — у адкрытым грунце.

Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.

Г.​У.​Вынаеў.

Гербера (культурная форма).

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́ЛЬНІК (Ligalaria),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усх. і Цэнтр. Азіі). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (L. veitchiana), зубчасты (L. dentata), Пржавальскага (L. przewalskii) і прыгожы (L. speciosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з кароткім тоўстым карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Кветкава-дэкар. расліны.

Бузульнік.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСБО́РДЭР (ад англ. mix змешваць + border аблямоўка),

шматрадковая мяшаная пасадка кветкава-дэкаратыўных раслін, падабраных так, каб іх цвіценне працягвалася з ранняй вясны да позняй восені. Ствараюць у выглядзе шырокіх (1,2—4 м) палос уздоўж жывых агароджаў, кветнікаў, будынкаў, дарожак і інш. Адрозніваюць М. аднабаковыя (расліны задняга плана найб. высокія) і двухбаковыя (высокія расліны ў цэнтры). Выкарыстоўваюць у зялёным будаўніцтве. Расліны падбіраюць па тэрмінах аблісцення і цвіцення, выш. (0,3—2 м), вонкавым выглядзе, спалучэнні колераў; высаджваюць палосамі ці ў выглядзе невял. груп, плям, геам. фігур. Дадаткова могуць выкарыстоўвацца малыя арх. формы (вазы, скульптуры, фантаны і інш.). Найб. эфектны М. з 2-га года пасадкі.

Міксбордэр.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕТКАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.

К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв. асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.

На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.

Н.​І.​Жураўская.

Да арт. Кветкаводства: 1 — цюльпаны; 2 — півоня; 3 — ружы; 4 — ландышы; 5 — нарцыс; 6 — сухацветнікі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)