галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.
К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв, асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.
На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны садНац.АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.