АЎТАПАГРУ́ЗЧЫК,

самаходная пад’ёмна-транспартная машына на пнеўмакалёсным ходзе для пагрузкі, разгрузкі, укладкі і перамяшчэння грузаў. Бываюць з рухавіком унутр. згарання (грузападымальнасць 3—5 т, выш. пад’ёму да 4,2 м) і акумулятарныя (грузападымальнасць 0,5—1,5 т, выш. пад’ёму грузу 1,6—2,8 м). Абсталёўваюцца вілачным падымальнікам штучных грузаў, стралой з кантам і круком, каўшом на сыпкія грузы. Аўтапагрузчыкі з рухавіком унутр. згарання выкарыстоўваюць на тэрыторыі партоў, з-даў і інш.; акумулятарныя — у памяшканнях (напр., у цэху, вагоне, на складзе). На Беларусі каўшовыя аўтапагрузчыкі выпускаюцца на прадпрыемствах канцэрна «Амкадор».

Аўтапагрузчык каўшовы.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЎШ,

1) пасудзіна лодкападобнай формы для піцця, найчасцей выдзеўбаная з дрэва. Шырока выкарыстоўвалася да 20 ст. 2) Стальная або чыгунная пасудзіна для кароткачасовага захоўвання, транспартавання і разліўкі расплаўленых металаў, шлакаў і штэйнаў. Унутры звычайна пакрываецца вогнетрывалым матэрыялам. Бываюць ручныя (да 60 кг), перасоўныя па манарэйцы (да 120 кг), маставымі кранамі і чыг. цялежкамі (да 500 т). Вакуум-К. з дапамогай вакуумнай помпы выцягвае расплаўлены метал (алюміній, магній і інш.) з ваннаў.

3) Рабочы орган землярыйных і пад’ёмна-трансп. машын (экскаватараў, драг, грэйфераў, землечарпальных снарадаў, норый, пагрузчыкаў, элеватараў).

Коўш: а — сталеразлівачны; б — экскаватарны (1 — каўшовы цыліндр, 2 — плячо маніпулятара, 3 — корпус каўша).

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА тарфяная,

машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.

Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс. т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.

Б.​Л.​Багатаў.

Бункерная ўборачная машына МТФ-43А: 1 — стужачны або скрабалкавы канвеер; 2 — бункер; 3 — каўшовы элеватар; 4 — скрэпер.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІРО́ЎШЧЫК,

машына для планіроўкі (выраўноўвання) с.-г. зямель і адхонаў меліярац. каналаў. Бываюць прычапныя, паўпрычапныя і навясныя, доўга- і кароткабазавыя.

П.-выраўноўвальшчыкі прызначаны для паслойнай планіроўкі зямель пры буд-ве меліярац. сістэм, культуртэхнічных работах і інш. П. каўшовыя — для планіроўкі паверхні меліяраваных зямель зразаннем грунту на ўзвышэннях і перамяшчэннем яго ў паніжэнні; бываюць з мех., гідраўл. і электрагідраўл. прыводам, з капірнай і бескапірнай сістэмамі аўтаматыкі, рабочы орган — бяздонны коўш. П. адхонаў — навясныя рабочыя органы да трактароў. П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння робяць планіроўку, рыхленне і прыкочванне паверхняў адхонаў перад гідрасяўбой траў, навешваюцца на каналаачышчальнік; П. пасіўнага дзеяння выпускаюцца як зменныя рабочыя органы да бульдозераў.

На Беларусі выкарыстоўваюцца П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння і паўпрычапныя каўшовыя П. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (умяшчальнасць каўша 3,5 м³).

В.​М.​Кандрацьеў.

Планіроўшчыкі: а — многаадвальны (1 — колавыя цялежкі, 2 — гідрацыліндры кіравання, 3 — адвалы); бкаўшовы (1 — колавыя цялежкі, 2 — планіравальныя элементы, 3 — гідрацыліндры кіравання, 4 — адвал); в — кароткабазавы канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — рама навясная, 2 — апора, 3 — коўш, 4 — колавая цялежка).

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)