ПТЫ́ЛІУМ (Ptilium),

род брыевых імхоў сям. гіпнавых. 1 від. Пашыраны ў хваёвых лясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі П. грабеньчаты (P. crista-castrensis) трапляецца на глебе, гнілой драўніне.

Двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі рыхлыя, жаўтавата- або светла-зялёныя, бліскучыя, маюць парасткі ў выглядзе страусавага пяра. Сцёблы 5—20 см, ляжачыя або ўзыходныя. Сцябловае лісце серпападобна выгнутае, ланцэтнае, звужанае ў шылападобную верхавінку. Каробачка нахіленая або гарызантальная на чырванаватай ножцы. Каўпачок клабукападобны.

Птыліум грабеньчаты.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНА́ТАР (ад франц. détoner узрывацца),

зарад брызантнага выбуховага рэчыва (БВР), прызначаны ўзбуджаць (ініцыіраваць) дэтанацыю ў асн. зарадзе прамысл. (падрыўнога) выбуховага рэчыва або ў боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, бомбах, баявых частках ракет і інш.). Робіцца ў выглядзе метал. або папяровай гільзы, начыненай БВР. Капсуль-Д. — тонкі метал. або пластмасавы каўпачок з БВР, які стварае пачатковы выбуховы імпульс. Выкарыстоўваецца для ўзбуджэння дэтанацыі ў разрыўных або падрыўных зарадах. Існуюць таксама электрадэтанатары, якія ўзбуджаюць дэтанацыю эл. токам.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЎРО́ЗІЙ (Pleurozium),

род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 1 від — П.​Шрэбера (P. schreberi). Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях, радзей у гарах Паўд. Амерыкі. У хвойных лясах часта ўтварае амаль суцэльнае покрыва. На Беларусі трапляецца ў хмызняках, на сухіх лясных глебах, лугах, мохавых балотах.

Лістасцябловая двухдомная расліна. Дзярнінкі рыхлыя, зялёныя або жоўта-зялёныя. Сцябло даўж. 5—15 см, узыходнае, карычнева-чырв., аблісцелае. Лісце чарапічнае, увагнутае. Каробачка на чырв. ножцы, схіленая, падоўжаная. Каўпачок клабукападобны.

Плеўрозій Шрэбера.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Паралеўкобрыум даўгалісты.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНІ́Й (Mnium),

род брыевых імхоў сям. мніевых. Пашыраны ва ўмераным поясе і горных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды М.: абкружаны (M. marginatum), аднагадовы (M. hornum), зорчаты (M. stellare), няпэўны (M. ambiguum). Трапляюцца на глебе, гнілой драўніне, у вільготных і забалочаных месцах.

Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны даўж. 2—7 см. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, светла- ці цёмна-зялёныя. Сцябло прамастойнае са стэрыльнымі парасткамі.

Лісце скучанае, падоўжана-эліптычнае або падоўжана-ланцэтнае, завостранае. Спарагоны адзінкавыя, рэдка па 2. Каробачка гарызантальная або паніклая, вечка з дзюбкай, каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Мній хвалісты.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКРА́НУМ (Dicranum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Вядома больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны ў хваёвых і мяшаных лясах Д. мётлападобны (D. scoparium) і Д. шматножкавы (D. polysetum).

Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернута ў адзін бок, сэрцападобнае, радзей усебакова адтапыранае. суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкамі. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.

Дыкранум шматножкавы: а — расліна, б — ліст.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)