Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал. магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т.л. брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн. прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.
т. 9, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.
Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.
А.П.Чарнякова.
т. 9, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)