Нагаі Кафу 11/553

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЯ,

горад на Пд Украіны, у Аўт. Рэспубліцы Крым. 90 тыс. ж. (2000). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прам-сць: харч. (малочная, мясная, вінаробная, тытунёвая), мэблевая; афсетная ф-ка, мех. з-д; вытв-сць буд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеагразевы прыморскі курорт.

Клімат пераходны ад субтрапічнага міжземнаморскага тыпу да ўмерана кантынентальнага. Лета цёплае (24 °C у жніўні). Асн. лек. фактары: клімат, мінер. воды (на пітное лячэнне, ванны), марскія купанні (чэрв.—кастр.), сульфідная глеевая гразь. Лечаць хваробы органаў дыхання, кровазвароту, стрававання, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, водагразелячэбніца. Музеі: краязнаўчы (з 1811), гісторыі марскога гандл. флоту, літ.-мемарыяльны А.С.Грына, карцінная галерэя імя І.К.Айвазоўскага. Арх. помнікі: хрысц. цэрквы (13—14 ст.), рэшткі Генуэзскай крэпасці (14—15 ст.), мячэць Муфты-Джамі (16—17 ст.).

Вядома з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. калонія, пазней — грэч. поліс. З 355 да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. У 107 да н.э.

Ф. — адзін з цэнтраў Саўмака паўстання. У 4 ст. н.э. разбурана гунамі. У 5—6 ст. Ф. — паселішча аланаў. У канцы 6 ст. пад уладай хазараў. Пасля захопу ў 1239 Крыма войскамі Батыя ўвайшла ў склад Залатой Арды. У 1270—80-я г. на яе тэр. генуэзцы заснавалі гандл. факторыю Кафа (назва захоўвалася да 1783). У пач. 14 ст. тут узнікла арм. калонія. У 1475 Кафу захапіла Турцыя і наз. Кефе (другая назва Малы Стамбул). У 16—17 ст. горад — гал. нявольніцкі рынак у Крыме. У 1616, 1628 і 1667 Кефе займалі запарожскія казакі. У рус.-тур. вайну 1768—74 Кафу ўзялі рус. войскі (1771). З 1783 у складзе Расіі (зноў наз. Ф.), з 1802 павятовы горад Таўрычаскай губерні, у 1892 злучаны з чыг. Севастопаль—Данбас. У грамадз. вайну Ф. захоплівалі аўстра-герм., англа-франц. войскі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. З 1921 у складзе Крымскай АССР. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, вызвалена ў выніку Крымскай аперацыі 1944. З 1945 пасля скасавання крымскай аўтаноміі ў складзе Рас. Федэрацыі, з 1954 — Украіны.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГАЙДА́ЧНЫ (Канашэвіч-Сагайдачны) Пётр Конанавіч

(? с. Кульчыцы Самбарскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 30.4.1622),

палітычны і ваенны дзеяч Украіны, гетман рэестравага казацтва. З 1601 у Запарожскай Сечы. Удзельнік і кіраўнік паходаў укр. казакоў супраць Крымскага ханства і Турцыі (1614, 1615, 1616 і інш.). У 1616 казакі напалі на Кафу (Феадосію), дзе вызвалілі шмат нявольнікаў, штурмам авалодалі тур. гарадамі Сінопам і Трапезундам. Удзельнічаў у паходзе польск. каралевіча Уладзіслава ў 1618 на Маскву. Выступаў супраць нац. і рэліг. ўціску на Украіне, садзейнічаў у 1620 аднаўленню правасл. іерархіі, скасаванай пасля Брэсцкай уніі 1596. Клапаціўся пра развіццё ўкр. культуры, уступіў з усім Запарожскім войскам у Кіеўскае брацтва Быў прыхільнікам збліжэння з Расіяй. У 1620 накіраваў паслоў да рас. цара з прапановай прыняць укр. казакоў на рас. службу. Памёр ад ран, атрыманых у баях пад Хацінам у 1621. Гл. таксама Польска-турэцкія войны 17 ст.

Літ.:

Голобуцкий В.А. Запорожское казачество. Киев, 1957;

Гуслистий К.Г. Петро Конашевич-Сагайдачний // Укр. іст. журн. 1972. № 4.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)