САГАЙДА́ЧНЫ (Канашэвіч-Сагайдачны) Пётр Конанавіч

(? с. Кульчыцы Самбарскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 30.4.1622),

палітычны і ваенны дзеяч Украіны, гетман рэестравага казацтва. З 1601 у Запарожскай Сечы. Удзельнік і кіраўнік паходаў укр. казакоў супраць Крымскага ханства і Турцыі (1614, 1615, 1616 і інш.). У 1616 казакі напалі на Кафу (Феадосію), дзе вызвалілі шмат нявольнікаў, штурмам авалодалі тур. гарадамі Сінопам і Трапезундам. Удзельнічаў у паходзе польск. каралевіча Уладзіслава ў 1618 на Маскву. Выступаў супраць нац. і рэліг. ўціску на Украіне, садзейнічаў у 1620 аднаўленню правасл. іерархіі, скасаванай пасля Брэсцкай уніі 1596. Клапаціўся пра развіццё ўкр. культуры, уступіў з усім Запарожскім войскам у Кіеўскае брацтва Быў прыхільнікам збліжэння з Расіяй. У 1620 накіраваў паслоў да рас. цара з прапановай прыняць укр. казакоў на рас службу. Памёр ад ран, атрыманых у баях пад Хацінам у 1621. Гл. таксама Польска-турэцкія войны 17 ст.

Літ.:

Голобуцкий В.А. Запорожское казачество. Киев, 1957;

Гуслистий К.Г. Петро Конашевич-Сагайдачний // Укр. іст. журн. 1972. № 4.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)