КАТЫЁН (грэч. katiōn літар. які ідзе ўніз),
дадатна зараджаны іон (гл. Іоны).
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЙ, амонію катыён,
складаны катыён агульнай формулы [RR1NR2R3]+, дзе R, R1, R2, R3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн. алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл. Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСО́НІЙ,
гідроній-катыён, адратаваная форма іона вадароду (пратона), H3O+. Утвараецца па донарна-акцэптарным механізме пры ўзаемадзеянні пратона з малекулай вады. Існуе ў водных растворах кіслот. Удзельнічае ў многіх рэакцыях (напр., гідролізе), якія каталізуюцца к-тамі.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)