Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,
прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К. д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».
І.І.Леановіч.
Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ПАЛЯВЫ́,
прычапная або навясная прылада для драблення глебавых камлыг, камякоў і скарынкі, для выраўноўвання і ўшчыльнення паверхневага слоя — прыкачвання глебы. Выкарыстанне К.п. спрыяе захоўванню вільгаці ў глебе, больш дружным ўсходам с.-г. культур, змяншэнню эразійных працэсаў.
Адрозніваюць К.п. гладкія воданаліўныя, кольчата-шпоравыя, кольчата-зубчастыя, барончастыя, камбінаваныя і інш. Агрэгатуюцца з трактарамі цягавага класа 1,4—2, а з выкарыстаннем шыроказахопных счэпаў — з трактарамі класа 3—5. Могуць працаваць у агрэгаце з сеялкамі, культыватарамі, плугамі і інш. (напр., у складзе камбінаванага глебаапрацоўчага агрэгата, які за адзін праход робіць культывацыю глебы, драбленне камлыг, прыкочванне і выраўноўванне паверхні поля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,
участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
разнавіднасць вісячых канструкцый, нясучымі элементамі якіх з’яўляюцца гнуткія расцяжкі — ванты (звычайна стальныя тросы). Вантавыя канструкцыі складаюцца з вантаў і канструкцый, якія ўспрымаюць сцісканне, — бэлек, жорсткіх формаў, арак, рамаў, абалонак і інш.
Да арт. Вантавыя канструкцыі. Каток з вантавым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Серафім Фёдаравіч) (н. 2.1.1914, г. Чыятура, Грузія),
бел. інжынер. Сын Ф.Ф.Еўстаф’ева. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це торфу АН Беларусі, у 1954—70 у БПІ. Сканструяваў пнеўматычны барабан для перакочвання цыліндрычнага торфу пры яго сушцы, воданаліўны каток для ўшчыльнення грунту. Распрацаваў тэорыю праектавання і выяўлення на чарцяжах святлоценявых форм. Аўтар успамінаў пра Ф.Ф.Еўстаф’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
навясная на трактар машына для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод. Мае пасадачныя апараты, сашнікі, каткі для ўшчыльнення глебы вакол саджанцаў і інш. прыстасаванні. Высаджвае 1—2 рады з шагам пасадкі да 1,5 м і на глыб. да 70 см. Прадукцыйнасць да 2,5 га/гадз.