КУКУРУЗАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі кукурузы на зерне, сілас і зялёны корм. Зразае сцёблы кукурузы, адрывае ад сцёблаў катахі і ачышчае іх ад абгорткі (або абмалочвае), здрабняе сцёблы з лісцем, выгружае катахі (зерне) і здробненую масу ў трансп. сродкі.

Самаходны К.к. — 6-радковы, забяспечвае ўборку кукурузы ў катахах або з іх абмалотам. Мае жняяркі ручаёвага тыпу, 2 зменныя рабочыя вузлы (пры абмалоце катахоў замест катахаачышчальніка манціруюць малатарню), транспарцёры і інш. Прычапны К.к. — 2-радковы, агрэгатуецца з трактарам, убірае кукурузу ў ачышчаных катахах. можа пераабсталёўвацца для ўборкі кукурузы на сілас. Для ўборкі кукурузы і інш. культур толькі на сілас выкарыстоўваюць сіласаўборачны камбайн.

Самаходны кукурузаўборачны камбайн.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.

Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.

Літ.:

Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;

Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.

У.​П.​Пярэднеў.

Кукуруза.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́,

хвароба раслін, выкліканая галаўнёвымі грыбамі. Найб. шкоду прыносіць збожжавым культурам. Разбурае асобныя завязі або цалкам каласы, мяцёлкі, катахі, радзей сцёблы, лісце, ператвараючы іх у пылаватую або шчыльную чорную споравую масу. Асабліва частыя: цвёрдая галаўня пшаніцы, жыта, аўса і ячменю; пыльная галаўня пшаніцы, ячменю, аўса, проса і кукурузы; каменная галаўня ячменю, сцябловая галаўня жыта і пшаніцы; пухіраватая галаўня кукурузы. На Беларусі найб. пашыраны цвёрдая галаўня пшаніцы (узбуджальнік Tilletia triciti) і пыльная галаўня ячменю (узбуджальнік Ustilago nuda).

Усе віды ўзбуджальнікаў галаўні вузкаспецыялізаваныя — пашкоджваюць толькі пэўную культуру. Меры барацьбы з галаўнёй: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, выбракоўка пасеваў, пашкоджаных галаўнёй, хім. абеззаражванне насення фунгіцыдамі або тэрмічным спосабам, апрацоўка насення спец. сістэмнымі пратрутамі (супраць пыльнай галаўні ячменю і пшаніцы).

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)