ФУРФУРО́Л, фурфураль (ад лац. furfur вотруб’е + oleum алей),

араматычнае злучэнне, C5H4O2.

Жаўтаватая (на паветры цямнее) масляністая вадкасць з пахам свежага жытняга хлеба, tкіп 161,7 °C, шчыльн. 1160 кг/м³. Добра раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў (ацэтоне, эфірах, спіртах), сярэдне — у вадзе (утварае азеатропную сумесь). Паводле хім. якасцей — тыповы альдэгід. Акісляецца да піраслізевай (у шчолачным асяроддзі) ці малеінавай (у кіслым) к-т. У прысутнасці каталізатара дэкарбаніліруецца з утварэннем фурану. Лёгка ўступае ў рэакцыі кандэнсацыі. Атрымліваюць гідролізам расл. пентозазмяшчальнай сыравіны (кукурузныя катахі, аўсянае, рысавае, сланечнікавае шалупінне). Выкарыстоўваюць як сыравіну для сінтэзу фурану, сільвану, фурфурылавага спірту, фуранавых смол, лек. сродкаў, пестыцыдаў і інш.

т. 16, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)