КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФАэкалагічная,
поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.
Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн.г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн.г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн.г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.
На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл.«Ядзерная зіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,
адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б.СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс.км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс.км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс.км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн.чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс.км² сельгасугоддзяў (22%) з гасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс.км². У бел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл.Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б.СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. У ліп. 1989 Вярх. СаветБССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс.чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў у асн. завершана. З больш як 5 тыс.чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс.м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.
Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел.дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.
На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн.чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд.дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.
Літ.:
Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІДу экалогіі,
ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш.тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЛО́ВІЧ Мікола (Мікалай Фаміч; н. 10.7.1937, в. Астражанка Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, на Бел. радыё, у рэд.газ. «Звязда», у выд-вах «Беларусь» (1964—71, 1981—83), «Мастацкая літаратура» (1973—81). Друкуецца з 1960. Асн. тэматыка творчасці — сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987). Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ АЭС,
першая атамная электрастанцыя на Украіне. Буд-ва пачалося ў 1971 каля г.Чарнобыль (адсюль назва), 1-ы і 2-і энергаблокі здадзены ў эксплуатацыю ў 1977. Мела 4 блокі на гетэрагенных водаграфітавых ядзерных рэактарах на цеплавых нейтронах тыпу РБМК агульнай магутнасцю 4000 МВт (1985). Пасля аварыі 1986 (гл.Чарнобыльская катастрофа 1986) эксплуатацыя і далейшае буд-ва станцыі спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Станаўленне ядзернай фізікі на Беларусі адбывалася ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН Беларусі М.А.Барысевіча, А.Н.Сеўчанкі і Ф.І.Фёдарава. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел.нац.тэхн. ун-це і інш.Асн. кірункі фундаментальных даследаванняў — ядзерная спектраскапія і мадэлі атамных ядзер, ядзерныя рэакцыі пры нізкіх, сярэдніх і высокіх энергіях, ядзерна-фізічныя канстанты, ядзерная оптыка і квантавая пазітроніка, нейтронная фізіка і фізіка ядзерных рэактараў; у галіне прыкладных даследаванняў — доследныя і канструктарскія работы па стварэнні ядзерна-энергетычных установак з унікальнымі характарыстыкамі, дазіметрыя змяшаных η-γ-палёў, спектраметрыя α-, β- і γ-выпрамяненняў, распрацоўка і стварэнне шматкрышталёвых спектрометраў γ-γ-супадзенняў з вялікім рабочым аб’ёмам, нейтронна-актывацыйны аналіз, радыяцыйная фізіка паўправаднікоў і p-n-пераходаў, вывучэнне структурна-фазавых змен у цвёрдых целах пры іонна-прамянёвым легіраванні і іоннай імплантацыі і інш.Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у 1986 стымулявала развіццё на Беларусі сучаснага ядзернага прыладабудавання, складанне карт радыяцыйнага забруджвання тэр. Беларусі 90Sr, 137Cr і ізатопамі трансуранавых элементаў, разлік радыяцыйных характарыстык паліва і аварыйных выкідаў ядзерна-энергетычных установак, развіццё радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыны і радыебіялогіі.
Літ.:
Чернобыльская катастрофа: Причины и последствия. Т. 3. Мн., 1992;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995;
Наполеау П.А.М., Рудак Э.А. Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК // Атомная энергия 1998. Т. 85, вып. 3.