Каталог 5/510

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),

сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА (франц. Société Internationale de musicologie; CIM),

міжнародная арг-цыя музыказнаўцаў. Створана ў 1927 у Базелі (Швейцарыя), з 1949 у сістэме Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА. Мае на мэце стымуляванне даследчай працы ў розных галінах муз. навукі, падтрымку буйных міжнар. музыказнаўчых мерапрыемстваў, устанаўленне кантактаў паміж вучонымі розных краін свету. Праводзіць кангрэсы (з 1930, з 1967 праз кожныя 5 гадоў), выдае час. «Acta musicologica», з Міжнар. асацыяцыяй Муз. б-к выпускае бібліягр. выданні («Міжнародны каталог музычных крыніц», «Міжнародны каталог музычнай літаратуры» і «Міжнародны каталог музычнай іканаграфіі»), Дырэкторыя т-ва выбіраецца на кангрэсах ад краін, якія маюць не менш як 30 членаў т-ва. Рас. музыказнаўцы і вучоныя інш. краін СНД і Балтыі ўдзельнічаюць у рабоце т-ва з 1961.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,

выдавецкае таварыства. Існавала ў 1921. Выдавецка-друкарская база т-ва пазначана гарадамі Мінск—Вільня—Берлін. Выпусціла манаграфію «Адраджэнне Беларусі і Польшча» А.Цвікевіча, «Беларускую граматыку для школ» Б.Тарашкевіча, каталог-клішэ і інш.

А.С.Ліс.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМІГРО́ДСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1876, Рыга — 1936),

мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.Касцюшкі, Я.Дамброўскага, Г.Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.

Тв.: Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911; Польский военный флот. Витебск, 1911; Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... + грэч. typos адбітак, форма, узор),

друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т.л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).

На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр. навук. б-цы імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.

Л.І.Збралевіч.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕЙ, Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЦЭ́ВІЧ ((Lencewicz) Станіслаў) (19.4.1889, Варшава — 1.9.1944),

польскі географ, геолаг; адзін з арганізатараў Польскага геагр. т-ва (1918). Праф. (1922). Адукацыю атрымаў у г. Нушатэль (Швейцарыя). Арганізатар (у 1917) і кіраўнік (да 1939) геагр. ф-та ў Варшаўскім ун-це. У 1922—39 рэдактар час. «Przegląd geograficzny» («Геаграфічны агляд»). З 1943 выкладаў у падп. Варшаўскім ун-це. Навук. працы па геамарфалогіі, геалогіі чацвярцічнага перыяду, гідраграфіі, картаграфіі, лімналогіі (склаў каталог польскіх азёр). Забіты гітлераўцамі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН (Ігар Канстанцінавіч) (н. 13.11.1923, г. Палтава, Украіна),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і зоагеаграфіі. Д-р біял. н. (1965), праф. (1965). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскі ун-т (1946). З 1970 у БДУ (да 1998 заг. кафедры). Навук. працы па таксаноміі насякомых, зоагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Жуки-листоеды фауны Белоруссии и Прибалтики: Определитель. Мн., 1986;

Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян

(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)