КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).

Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, якія вырабляюць з гліністых грунтоў (глін, суглінкаў, супескаў) без абпальвання з выкарыстаннем вяжучых рэчываў. Падзяляюцца на грунтабетоны (умацоўваюцца цэментам, вапнай, гіпсам) і грунтасілікатныя матэрыялы (умацоўваюцца грунтацэментам — сумессю алюмасілікатных рэчываў са злучэннямі шчолачных металаў), сырцовыя (робяцца з гліны без прымесей, напр. цэгла-сырэц) і саманныя (з гліны і валакністых запаўняльнікаў, напр. саломы, кастрыцы). Грунтабетоны, сырцовыя і саманныя грунтаматэрыялы воданяўстойлівыя, грунтасілікатныя — вода- і марозаўстойлівыя. Грунтаматэрыялы выкарыстоўваюць у дарожным, гідратэхн., аэрадромным, сельскім буд-ве.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСПАРО́З ЛЁНУ, бурая плямістасць сцёблаў, ломкасць сцёблаў,

хвароба лёну, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду аўрэабазідый. Пашкоджвае сцёблы, лісце, насенныя каробачкі, насенне. Пашыраны на Беларусі ў раёнах ільнасеяння (найб. у гады з вільготным халодным летам). Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу, разносіцца ветрам, вадой, насякомымі-шкоднікамі (напр., ільнянымі блошкамі). На раслінах утвараюцца бурыя плямы, сцёблы робяцца кволымі, крохкімі, лёгка ламаюцца. Хворыя пасевы палягаюць, зніжаецца ўраджайнасць, пагаршаецца якасць валакна — яно траціць трываласць, дрэнна адстае ад кастрыцы.

Поліспароз лёну.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНОАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для пач. апрацоўкі льняной трасты ці саломкі. Аддзяляюць валакно ад кастрыцы і ачышчаюць яго. Выкарыстоўваюцца: мяльна-трапальныя агрэгаты, якія ўключаюць ільнамялкі (размінаюць трасту, прапускаючы яе праз вальцы) і льнотрапальныя машыны (аддзяляюць доўгія валокны ад мятай трасты); трасільныя і кудзелепрыгатавальныя машыны (выдзяляюць кароткае валакно з адходаў трапальных машын). І.м. ўстанаўліваюцца ў закрытых памяшканнях, выкарыстоўваюцца ў паточных ільноапрацоўчых лініях.

П.​П.​Казакевіч.

Да арт. Ільноапрацоўчыя машыны: а — ільноканоплемялка (1 — транспарцёр, 2 — мяльны апарат, 3 — стол падачы, 4 — кастрыцаадвод); б — ільнотрапальная машына (1 — трапальныя секцыі, 2 — заціскныя транспарцёры секцый, 3 — вядзёны шкіў секцыі, 4 — нацяжныя ролікі).

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),

кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.

Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.

У.​П.​Пярэднеў.

Кенаф.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт. Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),

10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд«бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)