Карэнішчавыя расліны 5/477, 486

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́НІШЧАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з падземнымі відазмененымі сцёбламі — карэнішчамі. На Беларусі найб. вядомыя сярод агароднінных (рэвень, спаржа, хрэн), лек. (аер, валяр’ян, гарычка, купена, ландыш, мыльнік), дэкар. (армерыя, ворлікі, канна, касач, півоня, фіялка, флёкс), дубільных (вадзяная грэчка, дуброўка), фарбавальных (дзівасіл высокі, маруна), кармавых (асака, каласнец, каласоўнік, купкоўка, метлюжок, цімафееўка), ядавітых (варанец, мудранка, цыкута, чамярыца) раслін, цяжкавынішчальнага пустазелля (хвошч, пырнік, свінакроп). Некат. К.р. (напр., каласнец) выкарыстоўваюць для замацавання сыпкіх пяскоў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аквілегія, гл. Карэнішчавыя расліны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́НІШЧА падземны парастак шматгадовых раслін. У адрозненне ад кораня мае спец. лускападобнае дробнае лісце, пупышкі, прыдаткавыя карані без каранёвага чэхліка і каранёвых валаскоў. Штогод нарастае і ўтварае з верхавінкавых ці пазушных пупышак надземныя парасткі. Асн. функцыі К.: назапашванне пажыўных рэчываў, вегетатыўнае аднаўленне і размнажэнне (гл. Карэнішчавыя расліны).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУШЭ́НЕЦ (Chimaphila),

род кветкавых раслін сям. грушанкавых. 8 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — П. парасоністы (Ch. umbellata). Трапляецца ў хваёвых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. да 20 см. Лісце суцэльнае, скурыстае, зімой захоўвае зялёную афарбоўку. Кветкі ружаватыя ў парасонападобных паніклых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. расліны.

Парушэнец парасоністы.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРАЛЕ́ПІС (Nephrolepis),

род папарацей сям. даваліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць Н. узвышаны (N. cordifolia).

Карэнішчавыя расліны. Лісце перыстае, раскідзістае, паніклае, даўж. да 3 м, сорусы са спорамі размешчаны на канцах жылак. Укарочаныя сцёблы даюць гарыз. парасткі, на якіх развіваюцца новыя разеткі лісця. Дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Нефралепіс узвышаны.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛКАГАЛО́ЎНІК (Cephalanthera),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пылкагалоўнік: 1 — даўгалісты; 2 — чырвоны.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСТЭ́П,

занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах лясной і стэпавай расліннасці. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. На тэр. СНД лясы ў Л. прадстаўлены шыракалістымі лясамі на Украіне і ў еўрап. ч. Расіі, бярозавымі колкамі ў Зах., часткова Сярэдняй Сібіры, далей на У — лістоўнічнымі лясамі. Стэпы ў Л. адносяцца пераважна да разнатраўных стэпаў (разнатраўе і карэнішчавыя злакі). Гл. таксама Лесастэпавыя зоны.

Лесастэп.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЛАЎКА (Melica),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)