Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦА,
высушаная кара галінак карычных дрэў роду карычнік. Матава-жоўта-бурага колеру, з тонкім пахам. Таўшчыня слоя 0,5 мм. Мае эфірны алей (1—2%), крухмал, гумі, цукар, дубільныя рэчывы. Лепшыя гатункі К. з кары цэйлонскага і кіт. карычных дрэў. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, фармакалогіі і парфумерыі (карычны алей).
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМУТ (ням. Wermut літар. палын),
віно вінаграднае, прыгатаванае з дабаўленнем спірту, цукру і араматызаванае настоямі вострапрыпраўных і лек. раслін. Настоі (экстракты) раслін (палын, бузіна чорная, кардамон, карыца, мята і інш.) рыхтуюць на 75%-ным спірце і дадаюць (2—4% па аб’ёме) у віно-аснову (пераважна сухія віны). Выпускаюць вермут белы, ружовы і чырвоны, моцны (мае 18 аб’ёмных працэнтаў спірту і 8% цукру) і дэсертны (па 16% спірту і цукру). Прамысл. выпуск вермуту пачаты ў 1786 у Турыне (Італія).
т. 4, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
моцныя алкагольныя напіткі, якія з’яўляюцца мех. сумессю рэктыфікаванага спірту вышэйшай ачысткі, рафінаванага цукру, смакавых і пахучых рэчываў расліннага паходжання. Паводле колькасці спірту і цукру ў Л.-г.в. адрозніваюць лікёры, наліўкі, настойкі, настойкі горкія і бальзамы.
Л.-г.в. гатуюць са спіртаваных сокаў, фруктаў і ягад, настояў духмяных траў, каранёў, кветак, лісця, лупіны цытрусавых, зярнят кавы і какавы, прыпраў (ваніль, карыца і інш), грубыя — з эсенцый спіртаваных раствораў эфірных алеяў, сінт. араматызаваных спіртоў. Асн. тэхнал. аперацыі ў вытв-сці Л.-г.в.: прыгатаванне спіртаваных сокаў фруктаў і ягад і настояў (мацэрацыя ці інфузія); змешванне кампанентаў (купаж); фільтрацыя; вытрымліванне прыгатаваных напіткаў (старэнне) у дубовай, керамічнай, эмаліраванай тары; разліў. Гл. таксама Лікёра-гарэлачная прамысловасць.
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНСІ́-ЧЖУА́НСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,
на Пд Кітая, у бас. р. Сіцзян. На З мяжуе з В’етнамам. Пл. 220,4 тыс. км². Нас. 42,2 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы (60%), чжуаны (35%), яа, мяа, тун і інш. Адм. ц. — г. Наньнін. Большая ч. тэр. — моцна парэзаныя нізкагор’і выш. каля 500—1000 м, найб. выш.. 2185 м. На Пн — карставыя формы рэльефу. Сярэдняя т-ра студз. ад 6 °C на Пн да 14 °C на Пд, ліп. — 24—28 °C. Вечназялёныя горныя лясы. Радовішчы марганцу, волава, каменнага вугалю і інш. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі. На працягу года збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. с.-г. культура — рыс (каля 65% плошчы). Вырошчваюць таксама батат, цукр. трыснёг, арахіс, рамі, кунжут, рапс, тытунь, фрукты. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Вытв-сць вострых прыпраў (карыца, аніс). Лесараспрацоўкі. Рысаачышчальная, алейная, дрэваапр., папяровая, тэкст., цукр. прам-сць. Здабыча і перапрацоўка волава, марганцу, свінцу, цынку. Здабыча каменнага вугалю, металургічныя і маш.-буд. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (фарфор). Рачное суднаходства.
т. 5, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІЯ,
княжацкія татарскія роды ў ВКЛ. Прозвішча ад назвы маёнтка Карыца ў Навагрудскім ваяв. На пач. 16 ст. маёнтак належаў сям’і князёў Уланаў-Асанчуковічаў. У 17 ст. адна галіна Уланаў насіла прозвішча К. З гэтай сям’і паходзіў кн. Ахмет Шчэнснавіч Улан-К., уладальнік часткі Карыцы, ротмістр казацкай харугвы войск ВКЛ. Магчыма, галіной гэтага роду з’яўляецца сям’я князёў К., якая на пач. 17 ст. перасялілася ва ўладанні Радзівілаў і на працягу некалькіх пакаленняў узначальвала татар, якія жылі на землях Клецкай ардынацыі. Яе родапачынальнік кн. Януш К. быў ротмістрам татарскай харугвы Клецкай ардынацыі, гэтую ж пасаду займалі яго нашчадкі. Да 20 ст. прадстаўнікі роду былі дробнымі землеўладальнікамі ў Ардзе, Асмолаве, Іванаве. Яшчэ адзін род меў тытул мурза (у 19 ст. ператварыўся ў радавую мянушку) і паходзіў ад палкоўніка татарскай харугвы Самуэля К. Паводле каралеўскіх прывілеяў за К. і яго нашчадкамі захоўвалася спадчыннае камандаванне харугвай татар, якія атрымалі зямлю ў тых жа сёлах і былі абавязаны служыць асабіста каралю. Існаваў аднайменны каталіцкі шляхецкі род у Падляшскім ваяв., які паходзіў з Кароны Польскай і быў вядомы з 16 ст., а таксама К., што паходзілі з Мазавецкага ваяв.
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)