МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),

выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.​Курно (Францыя), І.​Цюнен, Г.​Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.​Джэванс, Л.​Вальрас, В.​Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.​Маркса. Распрацоўвалася У.​Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.​Вальрасам (Швейцарыя), К.​Менгерам, О.​Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.

Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.​В.​Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.​Э.​Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.​А.​Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.​М.​Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.​Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.​Паустоўскі, С.​Вавілаў, В.​Біянкі, Б.​Жыткоў, Я.​І.​Перэльман, А.​Азімаў, Л. дэ Бройль, М.​Гарднер, А.​Кларк, Ж.​І.​Кусто, Т.​Хеердал і інш.

На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.​Скарыны, «Катэхізісе» С.​Буднага (1562), творах М.​Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.​Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.​Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.​Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.​Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.​Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.​Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.​Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.​Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.​Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.​І.​Клімука «Зоры — побач», В.​Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.​Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.​Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.​Гайдука «Паратунак» (1993), У.​Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.​Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.​Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.​Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)