Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЫЗО́Н,
стэроідны гармон пазваночных, які выпрацоўваецца карой наднырачнікаў. Адносіцца да групы глюкакартыкоідаў, рэгулюе вугляводны абмен, выклікае павелічэнне глюканеагенезу (змяншае распад вугляводаў і стымулюе распад бялкоў). Мае процізапаленчыя, антытаксічныя і антыалергічныя ўласцівасці. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НДАЛ ((Kendall) Эдвард Калвін) (8.3.1886, г. Саўт-Норуалк, ЗША — 4.5.1972),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1950). Скончыў Калумбійскі ун-т (1910). З 1952 у Прынстанскім ун-це. Навук. працы па даследаванні гармонаў кары наднырачнікаў. Адкрыў картызон. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Т.Рэйхштэйнам, Ф.Хенчам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРТЫКАСТЭРО́ІДЫ,
гармоны пазваночных, якія выпрацоўваюцца карой наднырачнікаў. Уплываюць на водна-салявы (мінералакартыкоіды), вугляводны і бялковы (глюкакартыкоіды) абмен рэчываў. Па будове стэроіды — вытворныя тэтрацыклічнага вуглевадароду прагнану. Асн. К.: глюкакартыкоіды — гідракартызон (картызол), кортыкастэрон, картызон і мінералакартыкоід — альдастэрон. У крыві К. звязаны з бялкамі плазмы (альбумін і транскарцін). Метабалізуюцца пераважна ў печані, прадукты абмену выводзяцца праз ныркі. Біясінтэз і сакрэцыя К. рэгулююцца адрэнакартыкатропным гармонам (АКТГ). Сакрэцыя АКТГ і К. знаходзіцца пад уплывам навакольнага асяроддзя (напр., стрэс); т.ч. забяспечваецца адаптацыя арганізма да ўмоў існавання. Парушэнні абмену К. прыводзяць да хвароб (напр., Адысонава хвароба, Іцэнка-Кушынга хвароба). Прэпараты К. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДВАРД ((Woodward) Роберт Бёрнс) (10.4.1917, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 8.7.1979),
амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл.АНСССР (1976). Скончыў Масачусецкі тэхнал.Ін-т (1936). З 1937 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф). Навук. працы па хіміі складаных біялагічна важных арган. злучэнняў. Сінтэзаваў хінін (1944), антыбіётык патулін (1950), картызон (1951), рэзерпін (1956), хларафілы а і б (1960), тэтрацыклін (1962), вітамін B12 (1971) і інш.; устанавіў будову шэрагу антыбіётыкаў. Сфармуляваў правілы: для вызначэння батахромнага эфекту алкільных замяшчальнікаў у спалучаных дыенах (1941, правіла Вудварда), актанта для вярчальнай дысперсіі кетонаў (1961), захавання арбітальнай сіметрыі для ўзгодненых рэакцый (1965, правіла Вудварда — Гофмана). Нобелеўская прэмія 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Сохранение орбитальной симметрии М., 1971 (разам з Р.Хофманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАТЭРАПІ́Я,
лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл.Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.