1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.
2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.
3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,
механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.
В.А.Сяргеенка.
Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТНІ́Ку тэхніцы,
рухомае аўтаматычнае прыстасаванне (клапан), якое накіроўвае паток рабочай вадкасці, пары або газу ў патрэбны канал шляхам свайго зруху адносна адпаведных адтулін (акон). Бываюць каробчатыя, цыліндрычныя і кранавыя. Выкарыстоўваюцца ў цеплавых, гідраўлічных, пнеўматычных машынах і механізмах, у сістэмах гідрааўтаматыкі і інш. З. наз. таксама паветраны незваротны клапан аўтамаб. шыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НТЭР (Аляксандр Васілевіч) (10.10.1878, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 9.3.1958),
савецкі вучоны ў галіне энергетыкі. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1912). Кіраваў буд-вам першай у Расіі электрастанцыі на торфе («Электраперадача», цяпер ДРЭС імя Р.Э.Класона), Шатурскай ДРЭС, Дняпроўскай ГЭС і інш. З 1944 нам. дырэктара Энергет. ін-та АНСССР. Даследаваў энергет. рэсурсы краіны, пытанні рацыяналізацыі энергасістэм, эксплуатацыі магутных электрастанцый і інш.
Літ.:
А.В.Винтер. М.; Л., 1950;
Маркин А.Б. А.В.Винтер // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́НЬКА,
у беларусаў каробка, плеценая з лубу, бяросты, лазы. Мела круглую, авальную або прадаўгаватую форму, з адной ці дзвюма ручкамі, з глыбокім вечкам або без яго. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.
Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.Богача і С.Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.Вольскага, «Чортаў скарб» У.Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова, «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, «Церамок» С.Маршака, «Дзівоснае кураня» В.Корнева, «Прынцэса і паж» М.Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.
Гал. рэжысёры С.Юркевіч (1981—88), М.Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.Быкаў (1981—88), Ю.Давыдзюк (1988—91), А.Сураў (з 1995).
Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.Г.Мёзер і Дж.Сака). Прызначаўся для т-ра А.Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн.каробка і глядзельная зала.
Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова.Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял.т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым.тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац.тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел.нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.
Працуе ў будынку б.Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн.каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял.Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.
Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».