«КАРМЛЕ́ННЕ»,

сістэма ўтрымання службовых асоб за кошт мясц. насельніцтва на Русі да сярэдзіны 16 ст. Князь пасылаў у гарады і воласці намеснікаў і інш. служылых людзей, якіх насельніцтва павінна было ўтрымліваць («карміць») на працягу ўсяго тэрміну іх службы. Найб. развіцця сістэма «К.» дасягнула ў 14—15 ст. Паводле земскай рэформы 1555—56 ліквідавана, зборы на ўтрыманне кармленшчыкаў урад ператварыў у асобны падатак на карысць казны.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТА́ЦЫЯ (ад лац. lactare мець малако, карміць малаком),

утварэнне малака ў малочных залозах, назапашванне і перыядычнае выдзяленне пры ссанні ці даенні. Уласціва самкам млекакормячых жывёл і чалавеку. Складаны нейраэндакрынны працэс, які характарызуецца значнай перабудовай фізіял. і біяхім. працэсаў усяго арганізма. Пачынаецца пасля родаў, працягваецца да пераходу дзіцяняці на інш. віды ежы і паступова затухае. Працягласць Л. ад 10—20 дзён у некат. дробных грызуноў да 25 месяцаў у кашалота; у свойскіх жывёл: карова — да 10 месяцаў, авечкі — 4—5, кабылы — 9 месяцаў, свінні — 60—70 дзён. Вышэйшы цэнтр рэгуляцыі Л. — кара галаўнога мозга, гал. падкоркавы цэнтр — гіпаталамус.

Л.​Л.​Галубкова, А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́ПКА (Янка) (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),

бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)