Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).
Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл.Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІКІСЛО́ТЫ,
карбонавыя кіслоты, у малекулах якіх ёсць карбаксільная (-COOH) і гідраксільная (-OH) групы. Паводле ўзаемнага размяшчэння гэтых груп адрозніваюць α-, β-, γ-, S-A. Адыгрываюць вял. ролю ў біяхім. працэсах раслінных і жывых арганізмаў, напр.лімонная кіслата, малочная кіслата, саліцылавая кіслата, яблычная кіслата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЯНЫ́Я КІСЛО́ТЫ,
прыродныя карбонавыя к-ты, якія прадуцыруюцца раслінамі хвойных парод; асн. кампанент жывіцы (62—65%), талавага масла (30—45%) і прадукту іх перапрацоўкі каніфолі (60—92%).
Сярод С.к. найб. пашыраны ненасычаныя трыцыклічныя карбонавыя к-ты агульнай ф-лы C19H29COOH, якія адрозніваюцца пазіцыяй падвойных сувязей у малекулах, а таксама іх дыгідра-, тэтрагідра- і дэгідравытворныя (C19H31COOH, C19H33COOH і C19H27COOH адпаведна). У жывіцы хвойных дрэў пераважаюць к-ты абіяцінавая (у жывіцы піхты яе 46—52%, кедра 32% па масе) і левапімаравая (27—36% у жывіцы хвоі). Індывід С.к. — бясколерныя крышталі без паху, добра раствараюцца ў ацэтоне, бензоле, дыэтылавым эфіры, не раствараюцца ў вадзе. Для С.к. характэрныя рэакцыі з удзелам карбаксільнай групы (утвараюцца солі і эфіры) і па падвойных сувязях. С.к. са спалучанымі падвойнымі сувязямі лёгка акісляюцца ў паветры і ізамерызуюцца адна ў другую (першасны кампанент жывіцы — левапімаравая к-та лёгка пераходзіць у абіяцінавую). У прам-сці атрымліваюць і выкарыстоўваюць у выглядзе каніфолі.
Я.Г.Міляшкевіч.
Структурныя формулы смаляных кіслот: а — абіяцінавай; б — левапімаравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,
агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ Сцяпан Мікалаевіч (7.1.1889, г. Віцебск — 4.2.1978),
савецкі хімік-арганік. Чл.-кар.АНСССР (1943), праф. (1930). Скончыў Пецярб.ун-т (1914), у ім і выкладаў. З 1949 у Ін-це высокамалекулярных рэчываў АНСССР. Навук. працы па тэарэт.арган. хіміі і хім. тэхналогіі прыродных палімераў. Адкрыў альдэгідакетонную ізамерызацыю (перагрупоўка Д.), ажыццявіў рэакцыю ізамерызацыі гідроксіальдэгідаў у гідроксікетоны і карбонавыя к-ты. Распрацаваў новыя спосабы атрымання эфіраў цэлюлозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФТА́ЛЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ, бензолдыкарбонавыя кіслоты,
карбонавыя кіслоты араматычнага раду, C6H4 (COOH)2. Адрозніваюць артафталевую (фталевая), метафталевую (ізафталевая) і парафталевую (тэрэфталевая) кіслоты.
Ф.к. — бясколерныя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Мал. м. 166,14, tпл 211 °C. Пры награванні або дзеянні дэгідратавальных агентаў лёгка ператвараецца ў фталевы ангідрыд. Пры т-ры 200 °C (каталізатары — солі цынку. нікелю, медзі) дэкарбаксіліруецца да бензойнай к-ты. З асновамі ўтварае солі па адной або 2 карбаксільных групах, са спіртамі — мона- і дыэфіры. Ёсць у зеляніне. Сыравіна ў вытв-сці поліэфіраў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ЛЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз.цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл.Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл.Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя насычаныя карбонавыя кіслоты з 4 атамамі вугляроду ў малекуле. Вядомыя н-масленая (бутанавая, ці этылвоцатная) к-та CH3CH2CH2COOH і ізамасленая (2-метылпрапанавая, ці дыметылвоцатная) к-та (CH3)2CHCOOH.
Бясколерныя вадкія рэчывы, раствараюцца ў вадзе. спірце. эфіры. Утвараюць солі і эфіры, якія наз. бутыраты і ізабутыраты. н-Масленая кіслата мае пах прагорклага масла, tкіп 163,5 °C, шчыльн. 957,7 кг/м³; ёсць у сметанковым масле і інш. тлушчах. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем масленага альдэгіду ці бутанолу, а таксама зброджваннем с.-г. адходаў (масленакіслае браджэнне). Ізамасленая кіслата (tкіп 154,4 °C, шчыльн. 950,4 кг/м³) ёсць у каранях купальніку. Выкарыстоўваюць М.к. ў сінтэзе пахучых рэчываў для парфумерыі і харч. прам-сці, лек. сродкаў, пластыфікатараў, эмульгатараў, у вытв-сці ацэтабутырату цэлюлозы, для абяззольвання (выдалення солей кальцыю, напр., пры апрацоўцы скур).