Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).
Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл.Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карбо́навы
прыметнік, адносны
адз.
мн.
м.
ж.
н.
-
Н.
карбо́навы
карбо́навая
карбо́навае
карбо́навыя
Р.
карбо́навага
карбо́навай карбо́навае
карбо́навага
карбо́навых
Д.
карбо́наваму
карбо́навай
карбо́наваму
карбо́навым
В.
карбо́навы (неадуш.) карбо́навага (адуш.)
карбо́навую
карбо́навае
карбо́навыя (неадуш.) карбо́навых (адуш.)
Т.
карбо́навым
карбо́навай карбо́наваю
карбо́навым
карбо́навымі
М.
карбо́навым
карбо́навай
карбо́навым
карбо́навых
Крыніцы:
piskunou2012.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АКСІКІСЛО́ТЫ,
карбонавыя кіслоты, у малекулах якіх ёсць карбаксільная (-COOH) і гідраксільная (-OH) групы. Паводле ўзаемнага размяшчэння гэтых груп адрозніваюць α-, β-, γ-, S-A. Адыгрываюць вял. ролю ў біяхім. працэсах раслінных і жывых арганізмаў, напр.лімонная кіслата, малочная кіслата, саліцылавая кіслата, яблычная кіслата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,
агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Сцяпан Мікалаевіч) (7.1.1889, г. Віцебск — 4.2.1978),
савецкі хімік-арганік. Чл.-кар.АНСССР (1943), праф. (1930). Скончыў Пецярб.ун-т (1914), у ім і выкладаў. З 1949 у Ін-це высокамалекулярных рэчываў АНСССР. Навук. працы па тэарэт.арган. хіміі і хім. тэхналогіі прыродных палімераў. Адкрыў альдэгідакетонную ізамерызацыю (перагрупоўка Д.), ажыццявіў рэакцыю ізамерызацыі гідроксіальдэгідаў у гідроксікетоны і карбонавыя к-ты. Распрацаваў новыя спосабы атрымання эфіраў цэлюлозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ЛЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз.цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл.Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл.Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя насычаныя карбонавыя кіслоты з 4 атамамі вугляроду ў малекуле. Вядомыя н-масленая (бутанавая, ці этылвоцатная) к-та CH3CH2CH2COOH і ізамасленая (2-метылпрапанавая, ці дыметылвоцатная) к-та (CH3)2CHCOOH.
Бясколерныя вадкія рэчывы, раствараюцца ў вадзе. спірце. эфіры. Утвараюць солі і эфіры, якія наз. бутыраты і ізабутыраты. н-Масленая кіслата мае пах прагорклага масла, tкіп 163,5 °C, шчыльн. 957,7 кг/м³; ёсць у сметанковым масле і інш. тлушчах. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем масленага альдэгіду ці бутанолу, а таксама зброджваннем с.-г. адходаў (масленакіслае браджэнне). Ізамасленая кіслата (tкіп 154,4 °C, шчыльн. 950,4 кг/м³) ёсць у каранях купальніку. Выкарыстоўваюць М.к. ў сінтэзе пахучых рэчываў для парфумерыі і харч. прам-сці, лек. сродкаў, пластыфікатараў, эмульгатараў, у вытв-сці ацэтабутырату цэлюлозы, для абяззольвання (выдалення солей кальцыю, напр., пры апрацоўцы скур).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАКІСЛО́ТЫ,
арганічныя (карбонавыя) к-ты, якія маюць у малекуле адну або некалькі амінагруп (NH2). Адрозніваюць α-амінакіслоты, β-амінакіслоты, γ-амінакіслоты. У прыродзе пашыраны пераважна α-амінакіслоты агульнай формулы H2N-<FORMULA>-COOH. Амінакіслоты — бясколерныя крышталічныя рэчывы, большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе. Амфатэрныя злучэнні маюць уласцівасці к-т і асноў. У жывых арганізмах знойдзена больш за 100 амінакіслот, каля 20 з іх асн. структурныя элементы малекул бялкоў. Іншыя амінакіслоты ўваходзяць у састаў ферментаў, гармонаў, некаторых антыбіётыкаў, вітамінаў і інш. рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці арганізма. Могуць быць у тканках жывых арганізмаў у свабодным стане. Біял. роля і функцыі некаторых амінакіслот не высветлены. Шэраг амінакіслот (арніцін, цыстатыянін і інш.) — прамежкавыя прадукты абмену рэчываў.
У большасці прыродных амінакіслот амінагрупа звязана з вугляродам, самым блізкім да карбаксільнай групы; у малекуле β-амінакіслот яна звязана з другім пасля карбаксільнай групы вугляродам. α-амінакіслата падзяляецца на ацыклічныя (тлустага шэрагу) і цыклічныя (араматычнага шэрагу); па колькасці аміна- і карбаксільных груп у малекуле α-амінакіслот адрозніваюць монаамінамонакарбонавыя, напр.гліцын, серын, трэанін; монаамінадыкарбонавыя, напр.аспарагінавая кіслата, глутамінавая кіслата; дыамінамонакарбонавыя к-ты, напр.лізін, аргінін. У прыродзе большая частка α-амінакіслот сінтэзуецца раслінамі, некаторыя з іх (заменныя амінакіслоты) могуць сінтэзавацца і жывёльнымі арганізмамі з неарган. злучэнняў азоту, напр. аміяку і кетонакіслот. Незаменныя амінакіслоты (валін, лейцын, ізалейцын, лізін, трыптафан, феніланін, метыянін, трэанін і інш.) у чалавека і жывёл не ўтвараюцца і паступаюць у арганізм з ежай. Ад нястачы іх у арганізме ўзнікаюць розныя хваробы.
Атрымліваюць і сінтэтычна, у т. л. ва ўмовах, якія мадэліруюць атмасферу першабытнай Зямлі. Амінакіслоты выкарыстоўваюць у медыцыне, для павышэння біял. каштоўнасці некаторых харч. прадуктаў, як зыходныя прадукты ў прамысл. сінтэзе поліамідаў, фарбавальнікаў.