Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗО́ІД (ад грэч. rhiza корань + eidos выгляд),
ніткападобнае коранепадобнае ўтварэнне ў імхоў, лішайнікаў, некат. водарасцей і грыбоў. Служыць для прымацавання да субстрату і паглынання з яго вады і пажыўных рэчываў. Па знешнім выглядзе нагадвае каранёвы валасок. У маршанцыевых імхоў Р. — мёртвыя клеткі, па якіх вада ідзе як па кноце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА ЗУБНА́Я,
штучны пламбіравальны матэрыял, якім запаўняюць каранёвы канал зуба. Прадухіляе прагрэсіраванне карыесу зубоў, аднаўляе іх функцыі і формы. Адрозніваюць П.з. часовыя і пастаянныя. Часовая служыць для ізалявання лек. рэчыва ў карыёзнай поласці ці ў пульпарнай камеры ад поласці рота. Для пастаяннай П.з. выкарыстоўваюцца цэменты (цынк-фасфат, сіліцын), пластмасы, амальгамы, кампазіцыйныя матэрыялы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙВА́ (Cydonia),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.
Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, бактэрыёзы,
хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл.Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт.Хваробы сельскагаспадарчых раслін.
Літ.:
Бактериальные болезни растений. М., 1981;
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.