НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,
поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.
Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.
Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.Пуркіне, ням. ўрач В.Гіс, англ. вучоныя А.Кіс і М.Флэк; у Расіі — І.М.Сечанаў, І.Ф.Цыён, А.Б.Фохт, І.П.Паўлаў, В.Я.Данілеўскі, Л.А.Арбелі, К.М.Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.
На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.І.Сідарэнка, У.В.Гарбачоў, М.Ф.Волкаў, Я.Б.Бардзін, А.Г.Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.
М.Ф.Сарока.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)