Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),
марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каралавыя паліпы, гл.Каралы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІШАЧНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ (Coelenterata),
жыгучыя, кнідарыі, тып беспазваночных жывёл, гл. ў арт.Актыніі, Высакародны карал, Гідроідныя, Гідры, Канулярыі, Каралавыя паліпы, Каралы, Медузы, Паліпы, Сіфанафоры, Сцыфоідныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЫ [ад літа... + ...філ(ы)],
1) расліны і жывёлы, якія жывуць пераважна на камяністым субстраце (напр., лішайнікі, некат. малюскі, матылі, жукі, рыбы, яшчаркі і інш.).
2) Каменяточцы, звычайна нерухомыя або з запаволенымі рухамі марскія жывёлы (напр., некат. губкі, малюскі, многашчацінкавыя чэрві, ракападобныя), здольныя разбураць горныя пароды, каралы, ракавіны малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ СВО́ЙСКІЯ,
птушкі, якія паходзяць ад дзікага звычайнага індыка, пашыранага ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы. Мяса мае высокія дыетычныя і смакавыя якасці. На Беларусі гадуюць пераважна белую і бронзавую шыракагрудыя пароды.
Маюць моцныя доўгія ногі і шырокі хвост, кароткія і пукатыя крылы. На галаве і шыі скурныя ўтварэнні — «каралы», з верхняй ч. дзюбы самцоў звісае мясісты прыдатак Апярэнне густое, белае, чорнае, бронзавае і інш.; у самцоў на грудзях кутасік з доўгіх пёраў. Жывая маса дарослых самцоў 9—35 кг, індычак 4,6—11 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),
род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.
Слаявішча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч.даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал. разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр. шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.
Т.М.Міхеева.
Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.