Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,
парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.
Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.
Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,
частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З. ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.
Літ.:
Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;
Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;
Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4;
Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1996. № 10;
Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;
Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.
Ю.М.Бохан.
Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).