Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕВА (Тамара Георгіеўна) (3.6.1916, Казань, Татарстан — 25.2.1997),
артыстка балета. Засл.арг. Беларусі (1949). Скончыла балетную школу пры Пермскім т-ры оперы і балета (1933). Працавала ў т-рах оперы і балета Пермі, Ерэвана, Свярдлоўска. У 1946—58 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчую індывідуальнасць вылучалі строгая манера выканання, валоданне тэхнікай танца, асабліва складанымі вярчэннямі, непасрэднасць і шчырасць. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзейка («Князь-возера» В.Залатарова), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Ліза («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял.Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Бахта, С.Дарожны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Караваева Г. А. 2/248; 4/151; 5/420; 9/355
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Караваева Т. Г. 2/101, 253; 5/420—421; 12/630
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в.Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАВА́Л»,
літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал.рэд. А.Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.Вясёлы, М.Галодны, М.Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.Багрыцкі, І.Катаеў, Г.Караваева, Н.Агнёў, М.Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.Горбаў і А.Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.Дэліба — Ф.Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага — К.Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева — К.Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.Крошнера — А.Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.Нікалаева, С.Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.Васільева, Я.Вяпрынскі, Н.Гурвіч, Л.Крамарэўская, Н.Майсеенка, Т.Узунава, Ю.Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.Мінкуса, «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн.маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.Глебава — А.Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.Стукалкінай (1963). Тэма Вял.Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.Малышава і Л.Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.Бельскі, В.Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Конюс, А.Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.Давыдаў, Н.Давыдзенка, І.Дзідзічэнка, Т.Караваева, А.Карзянкова, Б.Карпілава, В.Крыкава, Р. і М.Красоўскія, Малышава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Н.Младзінская, Я.Паўловіч, М.Пятрова, Л.Ражанава, І.Савельева, Чахоўскі, М.Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.Лысік, Э.Гейдэбрэхт, В.Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.
У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.Малера (1981), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Н.Філіпава, Т.Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.Вярцінскага і Г.Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.Купалы), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.Дрыга, І.Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, П.Гусеў, Маёраў, І.Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.Гітгарц (1933—36), Н.Грубін (1938-41), А.Брон (1944—48), У.Пірадаў (з 1948), Л.Любімаў (1951—64), Г.Дугашаў (1966—68), К.Ціханаў (з 1969), Я.Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.Нікалаеў (з 1938), Я.Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт.СССР Елізар’еў, салісты балета нар.арт. Беларусі К.Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.Дадышкіліяні, У.Далгіх, В.Захараў, Р.Мінін, А.Фурман, Т.Шаметавец, артысты Т.Беранава, С.Гарбунова, Ж.Лебедзева, А.Турко, нам. дырэктара нар.арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.Подкіна, А.Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.Сямёнава, С.Львовіч, Ч.Шуба.
Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;
Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.
Ю.М.Чурко.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева. 1988.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. 1980.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. 1976.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.Мдывані. 1995.