КАПІТА́НАЎ (Яўген Андрэевіч) (2.7.1932, г. Бранск, Расія — 7.4.1997),
бел. вучоны ў галіне імуналогіі і мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Крымскі дзярж. мед. ін-т (1954). З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні рытмаў прадукцыі антыбіётыкаў глебавых актынаміцэтаў, уплыву хім. рэчываў на рост і развіццё бактэрый, дзеяння кортыкастэроідных гармонаў на мікрафлору кішэчніка.
т. 8, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),
кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых I Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг. сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)