Канцэртная фантазія 5/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ЛІУС ((Markelius) Свен Готфрыд) (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНА (Варвара Васілеўна) (1872, Масква — 10.6.1911),

расійская эстрадная спявачка (кантральта), выканальніца гар. бытавых рамансаў і цыганскіх песень. Па паходжанні цыганка. Мела голас густога груднога тэмбру, які надаваў яе спевам асаблівую рамант. ўзнёсласць і страснасць. З 1886 выступала ў цыганскім хоры, кіравала ўласным хорам. У 1900-я г. як канцэртная спявачка выступала ў Маскве і Пецярбургу. Яе рэпертуар уключаў старадаўнія песні на вершы паэтаў-класікаў. Захавалася каля 40 грамзапісаў у яе выкананні.

Літ.:

Нестьев И.В. Звезды русской эстрады. 2 изд. М., 1974.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙСЕІ́ТАВА (Куляш) (Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),

казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.​Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.​Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.​Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Юрый Іванавіч) (н. 24.12.1924, г. Архангельск, Расія),

рускі баяніст-віртуоз. Засл. арт. Расіі (1963), ’нар. арт. СССР (1985). Скончыў муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1939). У 1939—42 і з 1946 артыст Архангельскай, з 1954 — Маскоўскай абл. філармоній, з 1958 Масканцэрта. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай музыкі. Яго канцэртная дзейнасць зрабіла значны ўплыў на развіццё сольнага выканальніцтва на баяне, зацвердзіла яго як канцэртны інструмент. Першы рас. баяніст, які пачаў выступаць у ансамблі з інш. інструментамі, з аркестрам. Ініцыятар шырокага распаўсюджвання шматтэмбравага гатова-выбарнага баяна з пераключальнікам (назва прапанавана К. у 1951).

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХТЫ (Lahti),

горад на Пд Фінляндыі, на воз. Пяяне. Засн. ў 1878, гар. правы з 1905. Каля 100 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прам-сць: дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, запалкі, мэбля), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для цэлюлозна-папяровай прам-сці), тэкст., абутковая, шкляная, харчовая. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту.

Жыллёвае буд-ва ў Л. адметнае разнастайнасцю планіроўкі мікрараёнаў, арганічнай сувяззю іх з ландшафтам. Сярод пабудоў 20 ст.: ратуша (1912, арх. Э.​Саарынен), канцэртная зала (1957, арх. К. і Х.​Сірэн), будынак банка «КОП» (1963—67, арх. В.​Рэвель). У Л. манумент «Мір» (1950—52, скульпт. В.​В.​Аалтанен).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.​Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.​Коласа і Я.​Купалы (1983), песні.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (7.1.1891, г. Самара — 4.9.1968),

бел. кампазітар. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у С.​Пецярбургу (1914). Музыцы вучыўся ў К.​Ігумнава, А.​Грачанінава, Ю.​Энгеля. Працаваў у Полацку, Пскове, Самары, Харбіне, Шанхаі. З 1955 у Мінску, выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. У праграмных інстр. творах увасобіў карціны бел. прыроды і побыту, сюжэты і вобразы нац. л-ры: сімф. паэмы «У Тураўскай пушчы» паводле верша У.​Дубоўкі і «Лясная казка» па матывах твораў Я.​Коласа, канцэртная уверцюра «Сельскае свята» і балада для сімф. аркестра; фантазія для фп. з арк. «Над Нёманам», рамансы і хары на словы бел. паэтаў. З інш. тв.: кантата «Памяці Пушкіна»; сімфонія, канцэрт для фп. з арк., інстр. п’есы.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.​Кампарэзі, П.​Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.​Гардзеева і Г.​Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.​Бурдзін, Л.​Батанаў, В.​Мілашэўскі, інж. М.​Нікіцін, Б.​Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛА́ПАЎ (Якаў Ягоравіч) (1.5.1934, г. Орша Віцебскай вобл. — 8.7.1982),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1966, клас А.Багатырова). З 1966 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы. Яго творчасці характэрна актыўная распрацоўка муз. фальклору Віцебшчыны. Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Белавежа» на словы Я.​Пушчы (1966), кантата «Нараджэнне дзяржавы» на словы П.​Макаля, М.​Калачынскага, М.​Хведаровіча, А.​Бачылы (1967); «Беларуская уверцюра» (1966), п’еса «Успенская горка» (1968) для сімф. арк.; фантазія на тэму бел. нар. песні для камернага арк. (1971); «Беларуская уверцюра» для арк. нар. інструментаў (1971); дывертысмент для ансамбля скрыпак і фп. (1968); сюіта (1970) і цыкл апрацовак бел. нар. песень «Аршанскі вяночак» (1979) для фп.; канцэртная фантазія для цымбалаў і фп. (1973); хары, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)