Кантузія 5/395

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),

паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч. мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш. Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАЛІ́ДНАСЦЬ (ад лац. invalidus слабы, хворы),

працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе. У залежнасці ад ступені страты адрозніваюць 1, 2 і 3-ю групы І. Пры наступленні І. назначаюцца пенсіі або штомесячныя дапамогі, прадастаўляюцца інш. віды забеспячэння і абслугоўвання. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае наступныя прычыны І., кожная з якіх мае пэўныя прававыя вынікі: агульнае захворванне (у т. л. калецтва, не звязанае з вытв-сцю або работай); калецтва прац. і прафес. захворванне; раненне (кантузія ці калецтва, атрыманыя пры абароне дзяржавы, пры выкананні інш. абавязкаў ваен. службы) або захворванні, спалучаныя са знаходжаннем на фронце; калецтва, атрыманае ў выніку няшчаснага выпадку і не звязанае з выкананнем абавязкаў ваен. службы, ці захворванне, не звязанае са знаходжаннем на фронце. Пры неабходнасці ўстанаўліваецца час наступлення І. (з дзяцінства, да пачатку прац. дзейнасці і г.д.), калі з гэтай акалічнасцю звязаны пэўныя прававыя вынікі.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)