Кантакты (у паўправадніковых прыладах) 5/392; 8/348

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.П.Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКЕ́ТНЫ ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК,

электрычны выключальнік, які служыць для адначасовага ручнога пераключэння некалькіх ланцугоў нізкага напружання. Складаецца з групы кантактаў і механізма, што перамяшчае кантакты і фіксуе іх у пэўным становішчы. Выпускаецца на сілу току да 400 А, напружанне да 660 В.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,

узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.В.Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА ДЫЁД,

паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖУСТЫ́ЦЫЯ Э ЛІБЕРТА́»

(італьян. «Giustizia e libertā» «Справядлівасць і свабода»),

антыфашысцкі рух італьян. эмігрантаў у Францыі ў 1929—40. Паліт. праграма руху (распрацавана ў 1931) прадугледжвала барацьбу за ўстанаўленне рэспублікі, нацыяналізацыю прам-сці, адм. рэформу і аўтаномію абласцей, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. Меў кантакты з італьян. камуністамі. Лідэры: К.Раселі, Э.Лусу, А.Тарк’яні, А.Чанка і інш. Пасля акупацыі б. ч. Францыі ням.-фаш. войскамі (1940) рух распаўся.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́С I Вялікі

(27.1.1557—19.1. 1629),

шах Ірана [1587—1629] з дынастыі Сефевідаў. Дзеля ўмацавання цэнтр. улады рэфармаваў войска, фін. сістэму, адм. кіраванне і інш. Спрыяў развіццю знешняга і ўнутр. гандлю. Перанёс сталіцу з Казвіна ў Ісфахан (1597—98). Вёў шматлікія войны, вярнуў страчаныя раней і заваяваў новыя тэрыторыі, спыніў набегі узбекаў. Наладзіў дыпламат. і гандл. кантакты з краінамі Зах. Еўропы. Пры ім сефевідскі Іран дасягнуў найб. магутнасці.

Абас I.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР (Міхаіл Львовіч) (Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.Г.Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.Б.Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)