Каноэ 3/47, 48; 5/383, гл. Лодкі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Э (ад ісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),

вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.​Гейштар і С.​Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.​Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.​Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.​Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.​Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.​Вакула (1970), Т.​Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.​Хахол (1970, 1971, 1973), У.​Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.​Дзеравянка (1974), М.​Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.​Вараб’ёў (1975), У.​Тайнікаў (1978), Н.​Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.​Пусеў (1984, 1989), А.​Мызгін (1989, 1990), Э.​Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.​Банькоўскі (1990).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЕ́ЙКАУ (Аляксандр Анатолевіч) (н. 26.7.1971, г. Магілёў),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1994). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) на каноэ-двойцы. Чэмпіён свету (1987 сярод юніёраў на каноэ-чацвёрцы; 1989, 1994 на каноэ-двойцы; 1997 на каноэ-чацвёрцы). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997 на каноэ-адзіночцы). Чэмпіён СССР на каноэ-двойцы (1989, 1991), СНГ (1992), сярэбраны прызёр (1990). На каноэ-двойцы выступаў у пары з Дз.Даўгалёнкам. З 1999 спартсмен-інструктар нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЁНАК (Дзмітрый Аляксандравіч) (н. 14.12.1971, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1992). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 500 м (1992, Барселона), чэмпіён свету на дыстанцыі 200 м (1994). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з А.Масейкавым.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАНКА (Сяргей Лаўрэнцьевіч) (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс. м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙШТАР (Леанід Рыгоравіч) (н. 15.10.1936, г. Гомель),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Гомельскі ун-т (1969). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 1000 м (1960), свету і Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1963), Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1961). Пераможца Спартакіяд народаў СССР на дыстанцыях 10 000 м (1959), 1000 і 10 000 м (1963), чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1961—63) і 10 000 м (1959—63). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з С.Макаранкам.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва відаў спорту, якія звязаны з вадой. Да іх адносяцца вадналыжны спорт, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ, віндсёрфінг, вяслярны слалам, воднае пола, водна-маторны спорт, падводны спорт, парусны спорт, скачкі ў ваду і інш.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,

адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РАХ (Ніна Пятроўна) (н. 25.7.1956, в. Перавалока Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1979). Скончыла Гомельскі ун-т (1980). Чэмпіёнка свету і Еўропы (1979), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету і Еўропы (1978) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, бронзавы прызёр (1977) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 м. Неаднаразовая чэмпіёнка СССР.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)