КАНАПЛЯ́НЫ АЛЕ́Й,

алей, які атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з канаплянага семя. Вадкасць жоўта-зялёнага колеру, шчыльн. 939 кг/м² (15 °C), т-ра застывання -27 °C. Высыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці пакосту, лакаў і фарбаў, у некат. краінах як харч. прадукт.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэпік 9/265

- » - канапляны 9/265 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЭТАМ ((Veetamm) Муя) (сапр. Рыстмягі Эльтс; н. 2.3.1907, Трыйгійская воласць Хар’юскага пав., Эстонія),

эстонская пісьменніца. Вучылася ў Талінскім каледжы Т-ва нар. ун-таў (1929—31). Друкуецца э 1936. У кнігах вершаў «Вачамі і сэрцам» (1949), «Успаміны пра пройдзены шлях» (1955) грамадзянская і пейзажная лірыка, у зб-ках «Жалейка і люстэрка» (1959), «Сцяжыны і дзверы» (1968), «На мяжы мора і сушы» (1974), «Канапляны парус» (1982) актуальныя праблемы сучаснага грамадскага жыцця. Аўтар паэт. і празаічных твораў для дзяцей, публіцыст. кн. «Кветкі і карані» (1962), п’ес, лібрэта опер. На эст. мову пераклала асобныя творы П.Броўкі (у зб. «А дні ідуць», 1964), Я.Купалы (у зб. «А зязюлька кукавала...», 1966), Я.Коласа (у зб. «Звон шыбаў», 1968).

Н.М.Басель.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́І,

тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).

Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л. алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.Д.Гескага і К.Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.Бахун, Д.Буйноўскай, Р.Маселбас, Э.Плюцінскай, А.Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.М.Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)