Камбінаваная вылічальная машына, гл. Гібрыдная вылічальная машына

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, якая спалучае нясучыя канструкцыі розных тыпаў (напр., вісячая канструкцыя з бэлькай, арка з бэлькай і падвескамі). У К.с. звычайна адна ч. элементаў прызначана для работы пераважна на выгін, другая — на расцяжэнне або сцісканне. Пры гэтым недахопы адной сістэмы кампенсуюцца перавагамі другой.

Камбінаваныя сістэмы: 1 — арка з фермай; 2 — вісячая сістэма (кабель) з бэлькай.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, CP-пераўтварэнне,

аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, C) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (CP-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π​0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых KL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары CP-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

вылічальная машына, у якой машынныя пераменныя (шуканыя велічыні, незалежныя пераменныя) выяўлены ў дыскрэтнай (лічбай) і ў неперарыўнай (аналагавай) формах. Гл. таксама Гібрыдная вылічальная сістэма.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХАНІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

камбінаваная перадача, якая складаецца з гідратрансфарматара (гл. Гідрадынамічная перадача) і мех. ступеньчатай каробкі перадач. Забяспечвае аўтам. бесступеньчатую змену і рэверсіраванне круцільнага моманту, зніжае дынамічныя нагрузкі ў трансмісіі, павышае яе даўгавечнасць і інш. Выкарыстоўваецца ў прыводах трансп. і тэхнал. машын. У аўтам. гідрамеханічных перадачах аўтамабіляў звычайна ўжываюць комплексныя, полімерычныя (блакіруюць гідратрансфарматар), вальныя або планетарныя каробкі перадач з пераключэннем ступеней фрыкцыёнамі і стужачнымі тармазамі.

В.​А.​Сяргеенка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЭ́ГЕЛЬ (ням. Kippregel ад kippen перакульвацца + Regel лінейка),

камбінаваная геадэзічная прылада для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі. Складаецца з лінейкі для вычэрчвання прамых ліній на мензульным планшэце, калонкі, якая мае на гарызантальнай восі трубу для назірання з дальнамернымі ніткамі, і верт. круга з градуіраванымі дзяленнямі для вымярэння вуглоў нахілу. Гл. арт. Геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РАВАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПСАВАЯ ПАВЯ́ЗКА.

Выкарыстоўваецца пры лячэнні пашкоджанняў і хвароб апорна-рухальнага апарату. Для накладвання гіпсавай павязкі выкарыстоўваюць гіпсавыя бінты (марлевыя бінты з насыпаным гіпсавым парашком), якія апускаюць у ваду, адціскаюць і накладваюць непасрэдна на цела хворага (беспадкладачная) ці на падкладку з марлі і ваты (падкладачная). Накладваюць раўнамерна 6—12 слаёў, у месцах пералому — таўсцей. Віды гіпсавай павязкі: цыркулярная, мостападобная, аконная, этапная, шынная, лангетная, камбінаваная (з закруткай, шарнірная), карсеты, у выглядзе ложачка і інш. Пры парушэннях кровазвароту на канечнасцях (занадта сціснуты крывяносныя сасуды) гіпсавую павязку разразаюць ці выразаюць на іх адтуліну.

А.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

K-МЕЗО́НЫ,

група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.

Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10​−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K​ і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл. Камбінаваная інверсія).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)