«КАМА́РЫНСКАЯ»,
«Камарынскі», імправізацыйны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Можа быць сольны, парны, масавы. Выконваць могуць мужчыны, жанчыны і дзеці. Яго адметнасць і прыгажосць у спалучэнні нац. асаблівасцей харэаграфіі розных народаў — бел., рус., укр., цыганоў, татар, армян, таджыкаў, малдаван і інш. Выканаўцы вар’іруюць і камбінуюць каленцы ў залежнасці ад уласных густу і фантазіі. Нягледзячы на разнастайнасць харэаграфічных малюнкаў, цэласны выгляд танца і мелодыя не мяняюцца. На Беларусі пашыраны ўсюды, асабліва ў раёнах, сумежных з Расіяй. Бел. варыянт танца вызначаецца найб. ярка выяўленай нац. харэаграфічнай лексікай.
А.Л.Варламаў.
т. 7, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНАЯ ФАНТА́ЗІЯ,
адначасткавы сімфанічны твор; адзін з жанраў праграмнай музыкі. Спалучае рысы фантазіі (свабода тэматычнага развіцця і будовы, часам са значнымі адхіленнямі ад традыц. тыпаў) і сімфанічнай паэмы (пераважаюць карцінна-выяўл. тып праграмнасці, элементы фантастыкі).
У замежнай музыцы прадстаўлена асобнымі ўзорамі («Дачка Поўначы» Я.Сібеліуса), шырока і рознабакова — у творчасці рус. кампазітараў П.Чайкоўскага, А.Глазунова, М.Мусаргскага, С.Рахманінава, І.Стравінскага і інш. Блізкія да С.ф. уверцюры-фантазіі Чайкоўскага, М.Глінкі. У рус. музыцы сфарміраваўся своеасаблівы від С.ф., заснаваны на свабодным сімф. развіцці фалькл. муз. тэм (фантазія «Камарынская» Глінкі на тэмы дзвюх рус. нар. песень, «Фантазія на сербскія тэмы» і «Іспанскае капрычыо» М.Рымскага-Корсакава, «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага, «Уверцюра на 3 рускія тэмы» М.Балакірава і інш.).
У творчасці бел. кампазітараў прадстаўлены традыцыйныя віды С.ф.: уверцюры-фантазіі «Зары насустрач», «Дума пра пагранічніка Лагоду» і капрычыо на тэмы бел. нар. песень М.Аладава, С.ф. Ю.Бяльзацкага, І.Лучанка, «Янка» П.Падкавырава, «Перапёлачка» Р.Пукста, «Свята» А.Мдывані і інш.
Літ.:
Гл. да арт. Праграмная музыка, Сімфанічная паэма.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)