Камарын (г. п.) 1/70, 211 (к.), 377 (к.), 378; 2/141; 4/7, 54, 154, 158, 437; 5/289, 501; 6/262; 9/209; 11/19, 69, 73, 79, 83, 286, 292, 532, 632, 636, 640, 647, 651

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫН,

возера, гл. Вялікае Камарына.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫН,

гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).

У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ КАМА́РЫНА, Камарын,

возера ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме Дняпра, з 1 км на У ад г. Рагачоў. Пл. 0,28 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 100 м. Старычнае. Злучана ручаём з Дняпром.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—62. Утвораны 8.12.1926 у Рэчыцкай акрузе. Цэнтр — г.п. Камарын. Падзяляўся на 29 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе. 30.12.1927 падзелены на 15 сельсаветаў. З 20.2.1938 у Палескай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. Скасаваны 25.12.1962, тэр. далучана да Брагінскага і Хойніцкага р-наў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІЯ ЖА́РЫ,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Ніжні Дняпровец». За 64 км на ПдУ ад г.п. Брагін, 194 км ад г. Гомель, 20 км ад чыг. ст. Ёлча, 16 км ад прыстані Камарын. 260 ж., 139 двароў (1996). Лясніцтва. Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ РАЁН,

на ПдУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 17 тыс. чал. (1996), гарадскога 29%. Сярэдняя шчыльн. 9 чал/км². Цэнтр — г.п. Брагін; г.п. Камарын, 83 сельскія нас. пункты, падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асарэвіцкі, Астраглядаўскі, Верхняжараўскі, Вуглоўскі, Крыўчанскі, Малейкаўскі, Малыжынскі, Мікуліцкі, Новаялчанскі, Спярыжскі, Хракавіцкі, Чамярыскі. Раён асабліва пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва 47 вёсак адселена.

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня — слабахвалістая раўніна. Пераважаюць выш. 110—120 м над узр. м., найвыш. пункт 134,4 м. Карысныя выкапні: торф, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 533 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Верхняя Брагінка, Сярэдняя Брагінка і Ніжняя Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя забалочаныя. Пад лясамі 31% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя лясы. 64,3 тыс. га (32,8%) тэр. раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 57,4 тыс. га, з іх асушана 45,8 тыс. га, выкарыстоўваецца 28,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і 2 саўгасы. У выніку радыеактыўнага забруджання тэрыторыі значна скараціліся мяса-малочная жывёлагадоўля і пасевы збожжавых (жыта, пшаніцы, ячменю), кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. прам-сці (крухмальны і масла-малочны з-ды). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогі Хойнікі—Брагін—Камарын—Холмеч. Суднаходства па Дняпры. У раёне 12 сярэдніх, 2 базавыя і 8 пач. школ, 8 дашкольных дзіцячых устаноў, 18 б-к, 8 клубаў, 2 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст. ў в. Тэльман. Карцінная галерэя, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. Выдаецца газ. «Маяк Палесся».

А.А.Варанец.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)