ВЕ́СТЭРФЕЛЬД ((Westerfeldt) Абрахам ван) (? — 24 ці 30.4.1692),
галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла: «Уступленне князя Я.Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН ВЭЙ, Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761),
кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́Н (сапр.Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),
японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп.дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.
Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.