КАЛЯІ́НА,

1) адлегласць паміж коламі кожнай восі або паміж цэнтр. лініямі гусеніц трансп. сродку.

2) След, утвораны ў мяккім грунце або снезе пры руху трансп. сродку.

3) К. чыгуначная — 2 рэйкавыя ніці, размешчаныя на пэўнай адлегласці адна ад адной і прымацаваныя да шпалаў, брусоў або пліт. У краінах СНД прыняты К. нармальная (шырокая) —1520 мм, вузкая—750 мм і прамысл. транспарту — 1000 мм; у інш. краінах свету — пераважна 1435 мм, а таксама 1067, 1600 і 1676 мм. Гл. таксама Чыгуначны пуць.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,

бел. культ.-асв. т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.​Бусла і Я.​Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.​Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка (у чэрв.ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.​Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел. нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-ва была прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (БПС-Р),

Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.​Асвяцімскі, П.​Бадунова, Т.​Грыб, Л.​Заяц, Я.​Ладноў, Я.​Мамонька, С.​Некрашэвіч, Я.​Трафімаў, Я.​Чарапук, Ф.​Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.​Ластоўскі і А.​Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦК КП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)