КАЛЬЧА́К,

група з трох ці больш кольцападобна размешчаных лістоў, галін, кветак, частак кветкі і інш. органаў раслін, якія адыходзяць на адным узроўні ад восевага органа. Напр., рудыментарнае лісце хвашчу, сабранае вакол сучляненняў сцябла; лісце расянкі ў прыкаранёвай разетцы, кветкі шышняку.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДРА́НКА (Paris),

род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.

М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.

Мудранка чатырохлістая.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.

Г.​У.​Вынаеў.

Зубніца клубняносная.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)