ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.

Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш. Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.

І.​І.​Леановіч.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Альгерд Адамавіч) (8.9. 1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.11.1989),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1952). У 1953—81 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: карціне, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне і сучаснасці, прыгажосці бел. зямлі, вылучаюцца колеравай насычанасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў, пошукамі выразных жывапісна-пластычных сродкаў. Аўтар карцін «Мы вернемся» (1965), «Маці» (1968), «Салдаты — сыны Радзімы», «Клятва» (абедзве 1970), «Маці. Пратэст вайне» (1970—80), «Хатынь» (1971), «Урачы» (1976), «Вясна ў Чыжоўцы» (1978); партрэтаў В.​Прыступчыка (1960), С.​Секача (1970), «Хірург. Пасля аперацыі» (1971), «Анколагі» (1972), А.​Кашкурэвіча, Г.​Лісоўскай (абодва 1973), М.​Мельячэнкі (1975), Г.​Дарашкевіч (1984); пейзажаў «Міншчына» (1959), «Вясна» (1962), «Лес партызанскі», «Нарач. Цішыня» (абодва 1976); нацюрмортаў «Бэз» (1969), «Рускія падносы» (1972), «Ка́лы» (1974) і інш.

Б.​А.​Крэпак.

А.Малішэўскі. Мы вернемся. 1965.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)