Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́ТКІ, календула (Calendula),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗО́Н (франц. gazon),
участак зямлі з травяным покрывам, роўна і нізка падстрыжаным. Вылучаюць газоны дэкаратыўныя (паркавыя, або садовыя, партэрныя, лугавыя, маўрытанскія), спартыўныя і спец. прызначэння (на аэрадромах, для замацавання адхонаў і інш.). Ствараюць газон высевам насення шматгадовых траў на выраўнаваную глебу. Для маўрытанскіх (стракатакветных) газонаў выкарыстоўваюць сумесь траў і прыгожа квітучых раслін (календула, васілёк, незабудка, іберыс, мак і інш.). Догляд газонаў: рамонт (падсяванне траў або дзернаванне), падстрыганне або касьба, паліўка, падкормка, барацьба з пустазеллем. На Беларусі для газонаў выкарыстоўваюць травы: райграс пашавы, аўсяніцу лугавую і чырвоную, метлюжок лугавы, мятліцу звычайную і белую, канюшыну чырвоную і белую.