ГАЗО́Н

(франц. gazon),

участак зямлі з травяным покрывам, роўна і нізка падстрыжаным. Вылучаюць газоны дэкаратыўныя (паркавыя, або садовыя, партэрныя, лугавыя, маўрытанскія), спартыўныя і спец. прызначэння (на аэрадромах, для замацавання адхонаў і інш.). Ствараюць газон высевам насення шматгадовых траў на выраўнаваную глебу. Для маўрытанскіх (стракатакветных) газонаў выкарыстоўваюць сумесь траў і прыгожа квітучых раслін (календула, васілёк, незабудка, іберыс, мак і інш.). Догляд газонаў: рамонт (падсяванне траў або дзернаванне), падстрыганне або касьба, паліўка, падкормка, барацьба з пустазеллем. На Беларусі для газонаў выкарыстоўваюць травы: райграс пашавы, аўсяніцу лугавую і чырвоную, метлюжок лугавы, мятліцу звычайную і белую, канюшыну чырвоную і белую.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)