КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),
закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл.Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіумнавуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1709—73 у в.Жодзішкі. У 1708 уладальніца Жодзішак Барбара Мінкевіч ахвяравала езуітам 6 вёсак. Спачатку калегіум размяшчаўся пры парафіяльным касцёле св. Тройцы, з 1727 пры новым касцёле св. Іуды Фадзея. У 1745 пры ім адкрыта муз. бурса, у 1767 — аптэка. У 1757—70 пабудаваны новы вучэбны корпус. Да 1762 калегіум узначальвалі віцэ-рэктары, потым — рэктары. Праграма была традыцыйнай для езуіцкіх калегіумаў, з 1770 выкладаліся таксама ням., франц. мовы, матэматыка. Пасля скасавання ордэна езуітаў пераабсталяваны пад сядзібу новых гаспадароў Жодзішак Ласкарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ ПІЯ́РСІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1745—1832 у мяст. Лужкі Дзісенскага пав. (цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Уладальнік мястэчка кашталян полацкі Валерыян Жаба (у яго гонар калегіумназ. Валерыянаўскім) падараваў манахам фальварак Віснік, адвёў месца для пабудовы кляштара, Лужкоўскага Міхайлаўскага касцёла і калегіума. Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. У канцы 1750-х г.навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіікалегіум уваходзіў з 1783 у Навагрудскую, з 1790 у Піярскую навуч. акругі, у 1782 былі 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. У 1793 калегіум пераўтвораны ў павятовае 4-класнае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання (3-і і 4-ы класы мелі 2-гадовыя курсы). У 1807 тут вучылася 116 юнакоў. У вайну 1812 разрабаваны французамі. У 1817 былі 144 выхаванцы. У 1825 рэарганізаваны ў звычайнае 4-класнае павятовае вучылішча. За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—31 вучылішча 1.5.1832 зачынена, маёмасць піяраў канфіскавана.