Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫ́ДЫІ (Ascidiae),
клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.
Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),
падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).
Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн. сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),
тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.
Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.
Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),
счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.
Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЫ,
прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.